Багатыя расейцы пазбавіліся больш чым паловы самых дарагіх яхт
2- 29.01.2025, 18:57
- 3,994
Многія з іх пад арыштам.
Флот расейскіх багацеяў зазнаў поўны разгром пасля ўвядзення санкцый краінамі Захаду. З больш чым 70 буйных яхт у найлепшыя часы да цяперашняга моманту ў іх распараджэнні засталося блізу траціны, піша The Moscow Times.
Большасць яхт расейскіх мільярдэраў, якія ў іх засталіся, перабазаваліся ў Арабскія Эміраты. Там заўважаныя стометровыя лодкі A motor yacht Андрэя Мельнічэнкі, Ocean Victory Віктара Рашнікава, Quantum Blue Сяргея Галіцкага, Madam GU сям'і Андрэя Скоча, а таксама Pacific X (85 м) Леаніда Міхельсона. Таксама частка яхт былі ў Турцыі – у ёй адзначылася некалі самая вялікая ў свеце, 162-метровая Eclipse Рамана Абрамовіча, Predator Іскандэра Махмудава, Sea Rhapsody банкіра Андрэя Косціна і Polaris дэвелапера Setl Group Максіма Шубарава.
У Расею вярнулася частка флатыліі Пуціна, але не без страт. Цэнтр «Досье» паведаміў, што ва Уладзіміра Пуціна было да дзявяці яхт. Самая буйная страта – гэта 140-метровая Scheherazade (таксама яе адносяць да былога прэзідэнта «Раснафты» Эдуарда Худайнатава), затрыманая ў Італіі. У распараджэнні Пуціна застаюцца 82-метровая яхта «Грэйсфул», 71-метровая «Вікторыя», 54-метровая яхта «Чайка», дапаможнае судна «Арыён». Звязаныя з былым прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым яхты таксама здолелі вярнуцца ў Расею з Еўропы. Сярод іх - лодкі «Сусвет» (74 м) і «Фаціння» (32 м). На радзіму ўладальнікаў пасля пачатку вайны прыплылі лодкі бізнэсоўцаў, якія трапілі пад санкцыі — Clio Алега Дзерыпаскі, Rahil Аркадзя Ротэнберга і вялізная 142-метровая яхта Nord Аляксея Мардашова.
Большасць заможных расейцаў распрадаюць яхты ўжо трэці год. Часцей за ўсё іх скупляюць заможныя амерыканцы. За апошнія гады свае яхты прадалі больш за дзясятак расейцаў. Паводле звестак профільных яхтавых парталаў, летась ад сваёй яхты пазбавіўся ў мінулым буйны падрадчык «Газпрама» Зіяд Манасір, ён прадаў 90-метровую Dar (кошт $175 млн) амерыканскаму мільярдэру Роберту Фрыдланду з Ivanhoe Mines. У траўні 2024 года яхту Come Together ($70 млн) прадаў заснавальнік свідравой кампаніі «Еўразія» Аляксандр Джапарыдзэ. Судна набыў амерыканскі заснавальнік Zynga і ранні інвестар у Twitter, Facebook, Slack Марк Пінкус.
Свой 65-метровы карабель Ragnar ($85 млн) прадаў летам 2023 года былы супрацоўнік КДБ і экс-кіраўнік «Нарнікеля» Уладзімір Стржалкоўскі. Яго новым уладальнікам стаў амерыканскі мільярдэр Рой Кэрал, адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў у Паўночнай Караліне. Заснавальнік «Лукойла» Вагіт Алекпераў перастаў валодаць 80-метровай Genesis (кошт - $80 млн), нідэрландскай верф'ю Heesen (перайшла ў галандскі фонд) і элітным портам Marina Port Vell у Барселоне. Порт перайшоў ва ўласнасць інвестараў з Блізкага Усходу, а лодка паплыла невядомаму ўладальніку ў Дубай.
Блізу траціны элітнага флоту расейцаў апынулася пад арыштам. Улады ЗША і ЕЗ арыштавалі два дзясяткі яхт, звязаных з Расеяй. У Італіі затрыманыя 143-метровая Sailing Yacht A Мельнічэнка, 58-метровая Lady M Мардашова, 40-метровая Lena Генадзя Цімчанкі. У Гішпаніі затрыманая 135-метровая Crescent Ігара Сечына, 85-метровая Valerie Сяргея Чэмезава, 48-метровая Lady Anastasia кіраўніка «Расабаронэкспарта» Аляксандра Міхеева. У Нямеччыне застаюцца пад арыштам 156-метровая Dilbar Алішэра Усманава, 115-метровая Luna Фархада Ахмедава, а ў Францыі - 85-метровая Amore Vero Сечына і дзве яхты заснавальніка «Альфа Груп» Аляксея Кузьмічова - La Petite Ourse і La Grande. Абедзве ацэньвалі на 70 млн еўраў.
Частка яхт знаходзяцца ў ЗША - Amadea Сулеймана Керымава (106 м, прывезеная з Фіджы), Tango (77 м, прывезеная з Гішпаніі) Віктара Вексельберга, у Пуэрта-Рыка прышвартаваная 112-метровая Le Grand Bleu брытанца і партнёра Абрамовіча Яўгена Швідлера.
Самымі няўдачлівымі сталі расейцы, яхты якіх затрымалі ў Вялікай Брытаніі і яе заморскіх тэрыторыях. 58-метровая Phi Віталя Качаткова яшчэ не прададзеная, то Alfa Nero Андрэя Гур'ева (82 м, арыштаваная на Антыгуа і Барбуда) і Axioma Дзмітрыя Пумпянскага (72 м, арыштаваная на Гібралтары) сышлі з малатка. Украіна атрымала не так шмат. Пакуль толькі 104-метровая Royal Romance Віктара Мядзведчука была перададзеная пад яе сцяг Харватыяй.
Частка звестак аб арыштаваных яхтах дагэтуль не раскрытая. Нідэрландскія мытнікі паведамлялі, што затрымалі 14 яхт, якія могуць быць звязаныя з расейскімі бізнэсоўцамі пад санкцыямі. 12 з іх будаваліся, яшчэ дзве былі на рамонце. Прынамсі, у 2022 годзе ў доках знаходзілася яхта Aquamarine. Яе бізнэсовец Давід Давідовіч атрымаў ад свайго дзелавога партнёра Абрамовіча ў лютым 2022 года.
Вольна валодаць яхтай могуць некалькі ўраджэнцаў Расеі, але яны ўжо не жывуць у краіне - амерыканскі венчурны інвестар Юрый Мільнер карыстаецца лодкай Andromeda, былы банкір Алег Цінькоў пакуль не прадаў сваю La Dacha, таксама стометровыя яхты застаюцца ў расейскіх мільярдэраў з Манака Дзмітрыя Рыбалоўлева (Anna) і Аляксея Фядорычава (TIS).