Колькасць касмічных пускаў у Расеі ўпала да ўзроўняў першай паловы 1960-х
8- 29.01.2025, 20:00
- 4,012
РФ моцна адстала ў космасе ад ЗША і Кітая
Расея прадаўжае здаваць пазіцыі на сусветным касмічным рынку, дзе некалі была піянеркай і лідаркай. Паводле вынікаў 2024 года «Раскосмас» ажыццявіў толькі 17 касмічных пускаў – на 2 менш, чым у 2023-м, і на 4 менш за паказнік 2022-га. Ад ЗША, якія запусцілі на арбіту 145 апаратаў, Расея адстала больш чым у 8 разоў, а ад Кітая (68 пускаў) – у чатыры разы, вынікае з звестак партала Payloadspace.
План «Раскосмасу» на 40 касмічных пускаў за год выкананы менш чым на палову, а выніковы гадавы вынік стаў практычна найгоршым у сучаснай гісторыі краіны: менш пускаў (16 за год) ажыццяўлялася толькі падчас пандэміі і лакдаўнаў 2020–2021 гг. Згодна з гістарычнай статыстыкай, якую публікуе ВВС, колькасць касмічных пускаў з расейскіх касмадромаў летась апусцілася да ўзроўню першай паловы 1960-х гг. – эпохі Юрыя Гагарына, калі СССР першым адправіў у космас чалавека.
Яшчэ чвэрць стагоддзя таму Расея займала пазіцыі лідаркі ў запусках на арбіту: «Раскосмас» ажыццяўляў больш за 30 пускаў у год супраць 28 у ЗША, 12 – у Еўропы і 5 – у Кітая (паводле звестак на 2000 год). Але з тых часоў ЗША нарасцілі колькасць пускаў у 5,2 разы, а Кітай – амаль у 14 разоў. У выніку Расея адкацілася на трэцяе месца сярод касмічных дзяржаваў і ледзь апярэджвае Новую Зеландыю, якая летась правяла 13 пускаў.
У параўнанні з пікам магутнасці савецкай касманаўтыкі ў канцы 1970-х, калі СССР у чатыры разы апярэджваў ЗША ў колькасці пускаў, іх колькасць скарацілася амаль у 6 разоў.
Трапіўшы пад санкцыі праз вайну з Украінай, «Раскосмас» страціў амаль усіх замежных заказчыкаў, а масавыя разрывы кантрактаў прынеслі яму страты на 180 млрд рублёў, скардзіўся летась намеснік кіраўніка дзяржкарпарацыі Андрэй Ельчанінаў. Назапашаным вынікам за 2020–2023 гг. «Раскосмас» атрымаў больш за 100 млрд рублёў чыстых стратаў, а летась пачаў распрадаваць актывы, каб напоўніць свой бюджэт.
Фінансаванне касмічных праграмаў з федэральнага бюджэту ў 2025 годзе павялічыцца – з 285 да 317 млрд рублёў, аднак іх дзель у выдатках казны будзе зніжацца: калі ў даваенным 2021 годзе на гэтыя мэты выдаткоўвалі 0,95% бюджэту, то сёлета гэта ўжо 0,77%, а да 2027 года запланаванае скарачэнне да 0,63%, адзначае «Бі-бі-сі». Самыя амбіцыйныя і дарагія праекты – звышцяжкая ракета, неабходная, сярод іншага, для далёкіх палётаў у космас, і будаўніцтва месяцовай базы – фактычна прыпыненыя без дакладных планаў на рэалізацыю. А найбуйнейшы пасляваенны праект – першая за паўстагоддзя місія на Месяц – скончылася фіяска.
Ва ўмовах тэхналагічнай ізаляцыі Расея асуджаная на адставанне ад касмічных лідараў, мяркуе эксперт у касманаўтыцы Іван Цімафееў. Спадзявацца на Кітай, які Крэмль называе стратэгічным партнёрам, у космасе не варта, мяркуе эксперт: «Кітай не хоча кааперавацца, ён будзе ўсё сам рабіць. Ды і няма чаго [Расеі] яму прапанаваць».