Суд ЕЗ адмовіў зяцю Лаўрова ў зняцці санкцый
5- 29.01.2025, 20:56
- 8,038
Ён мае цесныя сувязі з расейскім урадам.
Суд Еўрапейскага Звязу пакінуў у дзеянні санкцыі ў дачыненні да расейскага прадпрымальніка Аляксандра Вінакурава, жанатага з дачкой міністра замежных справаў краіны-агрэсаркі РФ Сяргея Лаўрова. Пастанова ад 29 студзеня апублікаваная на сайце суда, на яе звярнула ўвагу «Еўрапейская праўда».
Суд пастанавіў адхіліць апеляцыю Вінакурава, які прасіў суддзяў прызнаць абгрунтаваным пададзены ім пазоў аб зняцці санкцый. Таксама ён прасіў прызнаць пастанову Рады ЕЗ аб увядзенні датычна яго абмежавальных захадаў за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, непрымяняльнай, і абавязаць Раду ЕЗ аплаціць усе выдаткі, звязаныя з разглядам.
У афіцыйных дакументах ЕЗ Вінакураў фігуруе як «прадпрымальнік, які займаецца дзейнасцю ў сектарах эканомікі, што забяспечваюць істотную крыніцу прыбытку для ўраду РФ».
У якасці аргументаў для ўключэння яго ў санкцыйныя спісы і пакідання ў іх былі прыведзеныя такія факты. Ён мае бізнэс-інтарэсы ў РФ у сферы раздробнага гандлю прадуктамі харчавання, фармацэўтыкі, сельскай гаспадаркі і інфраструктуры, займае кіроўныя пасады ў інвестыцыйнай кампаніі Marathon Group і найбуйнейшай расейскай сетцы раздробнага гандлю прадуктамі харчавання «Магніт».
Таксама адзначаецца, што ён жанаты з Кацярынай Вінакуравай, дачкой Лаўрова. Ягоны бацька Сямён Вінакураў узначальваў унітарнае расейскае прадпрыемства «Сталічныя аптэкі» і ўважаецца за аднаго з асноўных прадпрымальнікаў у расейскай фармацэўтычнай галіне.
«Такім чынам, [заяўнік] мае цесныя сувязі з расейскім урадам і вядзе актыўную дзейнасць у сектарах эканомікі, якія з'яўляюцца істотнай крыніцай прыбыткаў для ўраду Расейскай Федэрацыі, адказнага за анэксію Крыма і дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне», – заявілі ў судзе.
Суд таксама нагадаў, што 24 лютага 2022 года, пасля пачатковых этапаў расейскай агрэсіі супраць Украіны, Вінакураў разам з 36 іншымі бізнэсмэнамі сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і іншымі чальцамі расейскага ўраду, каб абмеркаваць наступствы заходніх санкцый.
«Той факт, што яго запрасілі паўдзельнічаць у гэтай сустрэчы, сведчыць, што ён з'яўляецца часткай найбліжэйшага атачэння Пуціна і што ён падтрымлівае ці ажыццяўляе дзеянні ці палітыку, якія ставяць пад пагрозу ці пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, а таксама стабільнасці і бяспецы ва Украіне», – адзначаецца ў заяве.