Кітай адмовіўся ад буйных закупак расейскай пшаніцы насуперак планам Пуціна
8- 29.01.2025, 21:54
- 5,762
Гэтая пастанова прынятая на высокім палітычным узроўні.
Планы Крамля ў маштабным экспарце збожжа ў Кітай, запусціць які Уладзімір Пуцін даручыў яшчэ ў 2016 годзе, так і засталіся на паперы, паведамляе The Moscow Times.
Хоць праект «збожжавага калідора» існуе ўжо 8 гадоў, а ў 2023 годзе было абвешчана пра нібыта найбуйнейшы кантракт на $25 млрд, кітайскі рынак для расейскай пшаніцы па-ранейшаму дэ-факта закрыты. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў Аркадзь Злачэўскі – кіраўнік Расейскага збожжавага звязу, куды ўваходзяць амаль 300 аграрных арганізацый, якія забяспечваюць 90% расейскага збожжавага экспарту.
«Пшаніцу расейскую Кітай не бярэ. І гэта пастанова на высокім палітычным узроўні», – заявіў Злачэўскі. Паводле ягоных словаў, цяпер з Расеі ў КНР ідуць толькі памежныя пастаўкі ў асобныя правінцыі, хоць Кітай прадаўжае даволі актыўна набываць пшаніцу ў Казахстане і ва Украіне.
«Колькі б ні расказвалі нам пра фітасанітарныя ўмовы, нейкія там працэдуры на мяжы і гэтак далей, пакуль няма высокай пастановы на ўзроўні партыі і ўраду, нічога там не зрасцецца. Гэта будуць усяго толькі тэхнічныя перашкоды, якія пераадолець з дапамогай перамоваў Рассельгаснагляду з кітайскай фітасанітарнай службай не атрымаецца», – сказаў Злачэўскі (яго цытуе «Бізнэс Online»).
Летась, паводле звестак Мінсельгаса, Расея экспартавала 71,3 млн тонаў збожжа, у тым ліку 57,2 млн тонаў пшаніцы. Найбуйнейшымі пакупнікамі засталіся Егіпет, Саудаўская Аравія, Турцыя і Бангладэш, назваў Злачэўскі.
Паводле ягоных ацэнак, у 2025 годзе экспарт расейскага збожжа можа скараціцца на траціну, да 47–48 млн тонаў на фоне падзення ўраджаю, адсутнасці імпартнага насення, а таксама праблемаў з разлікамі і лагістыкай. За год аграрыі могуць сабраць толькі 100 млн тонаў збожжа, а гэта будзе «правальны ўзровень», сказаў Злачэўскі: летась зборы склалі 125 млн тонаў, а ў 2022-м дасягалі рэкордных 153,8 млн тонаў.
Праект «Новы сухапутны збожжавы калідор Расея – Кітай» быў запушчаны ў 2017 годзе і, паводле планаў Мінсельзагаса, да 2028 года павінен быў выйсці на магутнасць 52 млн тонаў збожжавых за год. Восенню 2023 года Новасібірская вытворча-экспартная кампанія ЭЛТ абвясціла пра заключэнне кантракта з кітайскай China Chengtong International на пастаўкі 70 млн тонаў збожжавых, зернебабовых і алейных культураў агульным памерам 2,5 трлн рублёў.
Пададзенае з помпай у рамках форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Адзін пояс – адзін шлях», пагадненне, хутчэй за ўсё, не насіла абавязвальнага характару – гэта значыць было «мемарандумам аб намерах», гаварыў тады гендырэктар Інстытут кан'юнктуры аграрнага рынку Дзмітрый Рылько. Паводле ягоных ацэнак, з рэгіёнаў Урала, Сібіры і Далёкага Усходу ў Кітай можна вывозіць не больш за 3,5 млн тонаў збожжавых. Прычым патрэбнай Кітаю высакаякаснай пшаніцы з утрыманнем пратэіну 14,5% у патрэбных аб'ёмах у рэгіёне проста няма, гаварыў эксперт.