Муж пасажыркі самалёта American Airlines, які разбіўся, расказаў пра яе апошняе паведамленне
- 30.01.2025, 16:25
- 10,310
Паводле словаў аднаго з відавочцаў, у момант крушэння ён пачуў вельмі гучны шум.
Мужчына, чыя жонка знаходзілася на борце пасажырскага самалёта American Airlines, які ўпаў у раку Патамак пасля сутыкнення з гелікаптэрам Black Hawk войска ЗША, расказаў, пра што было яе апошняе паведамленне.
Хамад Раза расказаў журналістам, што перапісваўся з жонкай у чаканні пасадкі самалёта, піша CBS. Паводле ягоных словаў, апошняе паведамленне, якое ён атрымаў ад яе, было пра тое, што самалёт павінен прызямліцца праз 20 хвілінаў.
Раза таксама расказаў, што спрабаваў адказаць жонцы, але ніводнае з ягоных паведамленняў так і не было дастаўленае.
«Вось тады я зразумеў, што нешта не так», – цытуюць яго журналісты.
Мужчына паведаміў, ягоная жонка, якой 26 гадоў, была ва Уічыта праз працу і заўсёды баялася лётаць. Яны жанатыя крыху больш за два гады.
Паводле словаў аднаго з відавочцаў, у момант крушэння ён пачуў вельмі гучны шум. Абадзі Ісмаіл расказаў NBC News, што збіраўся ісці спаць, як нечакана пачуў незвычайны гук.
Вызірнуўшы ў акно, ён убачыў дым з паўднёвага боку аэрапорта.