Авіякатастрофа ў Вашынгтоне: чорныя скрыні адправілі на экспэртызу
- 31.01.2025, 10:10
- 1,580
Папярэдняя справаздача будзе апублікаваная праз 30 дзён.
Экспэрты знайшлі чорныя скрыні самалёта, які сутыкнуўся з вайсковым гелікаптэрам у Вашынгтоне. Іх накіравалі на экспэртызу, паведамляе CBS News.
Бартавыя самапісцы самалёта American Airlines адправілі на даследаванне ў той час, як растуць пытанні наконт кадравага забеспячэння і іншых інцыдэнтаў у аэрапорце, дзе прызямляўся самалёт.
Крыніцы CBS News паведамілі, што звычайна два чалавекі кіруюць паветраным рухам гелікаптэраў і самалётаў у гэтым раёне, але падчас катастрофы гэта рабіў толькі адзін чалавек.
Расследаванне авіякатастрофы працягваецца. Нацыянальная рада бяспекі на транспарце ЗША (NTSB) заявіла, што папярэдняя справаздача будзе апублікаваная праз 30 дзён.
Бартавы самапісец і самапісец у кабіне пілотаў, вядомыя як чорныя скрыні, могуць дапамагчы следству высветліць, што магло пайсці не так падчас палёту. Скрыні будуць перавезены ў лабараторыю NTSB, размешчаную непадалёк ад месца катастрофы, і прааналізаваныя.