УСУ знішчылі камандны пункт расейцаў у Курскай вобласці
2- 31.01.2025, 16:01
- 3,128
Удар нанеслі па горадзе Рыльску.
Падраздзяленні ракетных войск і артылерыі Сіл абароны паспяхова ўдарылі па камандным пункце групоўкі войск «Курск» Узброеных сіл Расеі ў горадзе Рыльску Курскай вобласці.
Пра гэта паведамляе Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны (УСУ).
Адзначаецца, што паражэнне было нанесенае сёння, 31 студзеня. У выніку атакі пункт кіравання быў знішчаны.
Пакуль што іншыя падрабязнасці аперацыі не раскрываюцца.
«Гэтая аперацыя - частка сістэмнай працы па знішчэнні камандных пунктаў ворага, пазбаўленне яго магчымасці эфектыўна каардынаваць баявыя дзеянні і лагістыку. Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты акупацыйным войскам, руйнуючы іх сістэму кіравання і зніжаючы іх наступальны патэнцыял», - піша Генеральны штаб УСУ.
Баі ў Курскай вобласці
Улетку 2024-га ўкраінскія байцы пачалі наступленне ў Курскай вобласці, падчас якога была прарваная варожая мяжа і ўзятая пад кантроль частка рэгіёна. Пазней ворагу ўдалося адбіць пэўныя тэрыторыі, але Сілы абароны працягваюць утрымліваць дзясяткі населеных пунктаў, у тым ліку і горад Суджу.
Расея, у сваю чаргу, прыцягнула да баёў і вайскоўцаў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР), якія зараз нясуць вялізныя страты. У пачатку студзеня ўкраінскія байцы ўпершыню ўзялі ў палон двух вайскоўцаў Паўночнай Карэі.