Расейскія ракеты пад Мазыром сталі бачныя на сэрвісе мапаў ад Apple
13- 31.01.2025, 19:39
- 16,668
Разгледзелі і разабралі здымкі.
Сэрвіс мапаў ад Apple абнавіў здымкі з космасу над Гомельскай вобласцю. Дзякуючы гэтаму на агульнадаступным сэрвісе сталі выразна бачныя ракетныя ўстаноўкі і іншае расейскае ўзбраенне пад беларускім Мазыром.
«Флагшток» разгледзеў і апісаў здымкі старога аэрадрома Вялікі Бокаў.
Фатаграфію на сэрвісе maps.apple можна датаваць летам 2024 года. Менавіта тады аднавіліся працы на замарожаным спарткомплексе, сёння вядомым як Палессе-арэна.
У паўночна-заходняй частцы аэрадрома бачныя два масіўныя радары, ЗРПК на штучным насыпе і мноства схаваных у хвойніку аб'ектаў: амаль 8 пускавых установак, вайсковая тэхніка і намёты.
Яшчэ адзін насып і ЗРПК на ёй на поўнач ад аэрадрома.
Нагадаем, войскі РФ з'явіліся на аэрадроме «Мазыр» («Бокаў») у 2022 годзе — ён застаецца адным з нямногіх месцаў, дзе ўвесь час працягваюць знаходзіцца расейскія вайскоўцы. Першапачаткова тут базаваліся расейскія верталёты. Пасля правалу наступлення пачатку на поўнач Украіны тут размешчаны сама меней адзін дывізіён ЗРК С-300/400. Абслугоўваюць яго прыезджыя вайскоўцы з РФ.