Максім Плешка: «Гэта назаўжды застанецца ганьбай для Лукашэнкі»
16- 8.01.2025, 14:36
- 39,942
Дыктатар хацеў, каб Украіна ўдарыла па Мазырскім НПЗ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў навагоднім звароце заявіў, што «ўпэўнены, што надыдзе дзень, калі ўсе мы скажам: «Жыве Беларусь!»
Праз некалькі дзён, у інтэрв'ю вядомаму амерыканскаму блогеру Лексу Фрыдману, ён распавёў аб размове з Лукашэнкам у першыя дні вайны.
Чаму Зяленскі ўсё часцей гаворыць пра Беларусь? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з кандыдатам філасофскіх навук, кіраўніком украінскага Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Плешкам:
- Ва Украіне сфармавалася разуменне і падыход да беларускага пытання. Як мы бачым, сапраўды, гэта згадка «Жыве Беларусь!» парадавала і беларусаў, і тых украінцаў, не абыякавых да беларускага пытання.
Прэзідэнт Украіны не першы раз гаворыць пра Беларусь і адзначае, што яна павінна быць свабоднай. Так і ў гэтым звароце. Звярніце ўвагу на тое, што ён гаворыць аб Грузіі, аб Малдове, і аб Беларусі. Гаворка ідзе пра геапалітычную прастору, якую называюць Балта-Чарнаморскім саюзам, дзе Расея альбо спрабуе пашырыць свой уплыў, як у Грузіі, альбо Беларусі, якая знаходзіцца пад гібрыднай акупацыяй, але мае ўсе шанцы і ўсе перспектывы вярнуцца ў еўрапейскі кантэкст.
Згаданая заява абсалютна карэлюе з геапалітычным бачаннем Балта-Чарнаморскай прасторы, бяспекі і гэтак далей.
Чаму Зяленскі прыгадаў менавіта зараз пра размову з Лукашэнкам? Як па мне, гэтая згадка не была падобная да нарыхтоўкі. Яны доўга размаўлялі з Лексам Фрыдманам, ён успомніў гэты сюжэт.
Тут няма нейкай глыбокай задумы, магчыма, прэзідэнт проста падзяліўся сваімі эмоцыямі, сваім бачаннем і перажываннямі з гэтай нагоды, бо інтэрв'ю было доўгім, яно прадугледжвала фармат такой свабоднай, глыбокай размовы.
Камунікацыя паміж Зяленскім і Лукашэнкам была і да вайны, і падчас пачатку вайны. Лукашэнка прыязджаў, калі не памыляюся, у Жытомірскую вобласць.
- На форум рэгіёнаў.
- Так, менавіта. Яны мелі камунікацыю, яны былі знаёмыя, гэта паказвае асабістыя, скажам так, перажыванні прэзідэнта Украіны, калі такі нож быў устаўлены ў спіну.
- Чаму Лукашэнка прапанаваў ударыць па Мазырскім НПЗ?
- Мазырскі НПЗ, які так важны для эканомікі Беларусі, знаходзіцца недзе ў 40 кіламетрах ад мяжы. Гэта дастаткова лёгкая цэль. Можна не перасякаць мяжу, а ўдарыць нават з артылерыі.
І пра гэта мы гаворым з самага пачатку вайны. Само разуменне гэтага, імаверна, было вялікім фактарам стрымлівання для Лукашэнкі. Акрамя таго, што беларускі народ не хоча ваяваць з Украінай, ёсць вось такая ўразлівасць інфраструктуры, яна таксама была фактарам стрымлівання для Лукашэнкі. Ён гэта, відаць, тлумачыў Пуціну.
Але давайце не забываць аб тым, што ён мог весці падвойную гульню. Лукашэнку патрэбны быў такі ўдар па нафтаперапрацоўчым заводзе, каб ён мог мабілізаваць, скажам так, свой ядзерны электарат і, магчыма, войска, нейкім чынам уцягнуць Беларусь у вайну.
Гэты ўдар мог дапамагчы Лукашэнку, але ён бы быў карысны менавіта Пуціну. Калі б гэта адбылося, то ў такой сітуацыі саступіў бы беларускі народ, саступіла б Украіна, але перамог бы Пуцін.
- Як вы думаеце, ці ўплывае гэта заява Зяленскага на стасункі Лукашэнкі з Пуціным? Бо Лукашэнка выстаўляе абсалютным вінаватым у нападзе Пуціна.
- Я думаю, што Пуцін дастаткова добра ведае натуру Лукашэнкі. Бо Пуцін сам такі ж. Гэта палітычныя жывёлы, якія на «чорнае» кажуць «белае», на «белае» кажуць «чорнае», тут жа мяняюць сваё меркаванне і гэтак далей. Успомнім толькі тэатр з чатырма кірункамі, адкуль «рыхтаваўся напад на Беларусь».
Гэта стала вядомым мэмам, які ўжо ніхто не забудзе. Ён на стагоддзі застанецца ганьбай для Лукашэнкі. Але Пуцін і сам такі тэатрал, яны аднаго поля ягады, наўрад ці ён асудзіць за гэта Лукашэнку.