Bloomberg: Пуціна ў 2025 годзе чакаюць сур'ёзныя праблемы
2- 8.01.2025, 14:45
- 5,770
Гэта будзе «год зацягвання паясоў».
Уварванне прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ва Украіну выклікала эканамічны рост у Расеі, заснаваны на ўрадавым стымуляванні. Але амаль праз тры гады з'яўляюцца прыкметы таго, што час плаціць па рахунках.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Як адзначаецца ў публікацыі, спалучэнне рэкордна высокіх адсоткавых ставак і інфляцыі, якая захоўваецца, усё больш ставіць пад пагрозу прагнозы на 2025 год.
«Адносна добры перыяд для расейскай эканомікі, які грунтаваўся на раней назапашаных рэсурсах, скончыўся», - сказаў Алег В'югін, эканаміст і былы высокапастаўлены чыноўнік Цэнтрабанка. З яго слоў, высокая інфляцыя з'ядае ўвесь гэты кароткачасовы рост.
У дадатак да ўсяго, Расея сутыкаецца з санкцыямі, нядаўнім паслабленнем валюты, невыразнымі перспектывамі коштаў нафты і перспектывай таго, што яе найбуйнейшы гандлёвы партнёр, Кітай, не зможа самастойна пазбавіцца ад сур'ёзных эканамічных праблем.
Цэнтральны банк прагназуе значнае зніжэнне тэмпаў росту ў 2025 годзе да 0,5% у параўнанні з прагназаванымі 3,5-4 адсоткамі летась, а інфляцыя вернецца да мэтавага паказчыка 4% толькі ў 2026 годзе.
Хоць прагноз Міністэрства эканомікі больш радасны і дае рост на ўзроўні 2,5% сёлета, Уладзімір Пуцін у мінулым месяцы заявіў, што астуджэнне эканомікі з'яўляецца часткай плана ўрада, накіраванага на «стабілізацыю» інфляцыі.
Эканоміцы пакуль удалося крыху набраць абароты, нягледзячы на санкцыі, а таксама адносна высокія заробкі, якія дапамаглі аслабіць грамадскую незадаволенасць вайной.
Высокія адсоткавыя стаўкі не змаглі стрымаць рост цэн, які перавысіў мэтавы паказчык больш як удвая. Аднак, Банк Расеі ў снежні захаваў ключавую адсоткавую стаўку на ўзроўні 21%, што вышэй, чым адразу пасля ўварвання.
Пастанова не павышаць кошт запазычанняў была прынятая пасля ўзмацнення крытыкі з боку бізнэс-супольнасці, якая заяўляла, што банкаўскія лекі ад інфляцыі сталі больш шкоднымі, чым сама хвароба, і можа справакаваць хвалю банкруцтваў.
Гэта будзе «год зацягвання паясоў», - сказала Соф'я Данец, эканамістка T-Investments. Са слоў Данец, падзенне кошту сырой нафты з'яўляецца адной з самых вялікіх рызык для эканомікі ў 2025 годзе. Калі кошт пойдзе яшчэ ніжэй, дзяржаве давядзецца пайсці на ахвяры, сказала яна.
Вайна
Яшчэ адным невядомым з'яўляецца сама вайна. Аналітыкі Прамсувязьбанка заявілі, што хуткае заканчэнне канфлікту, якое паабяцаў будучы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, можа дапамагчы ўмацаваць рубель і вярнуць замежных інвестараў і экспартныя даходы ў Расею.
Свой унёсак робяць таксама істотнае паслабленне рубля ў дачыненні да даляра і праблемы з трансгранічнымі выплатамі, якія ўзніклі праз пагрозу санкцый ЗША.
«Рызыка рэцэсіі таксама самая высокая за апошнія тры гады», - сказала Данец. «У некаторых кварталах рост можа быць адмоўным налета. На гэты момант наш асноўны прагноз - гэта па-ранейшаму рост да канца наступнага года, крыху ніжэй за 1%».
Тым часам Украіна спыніла транзіт прыроднага газу праз сваю тэрыторыю, і хоць эканамічны эфект, хутчэй за ўсё, будзе нязначным, паводле ацэнак розных аналітыкаў, гэта ўсё адно можа каштаваць Расеі прыкладна 0,2-0,3% ВУП.