Пашынян адказаў на словы Аліева аб «фашысцкай» Арменіі
16- 8.01.2025, 17:46
- 16,980
Армянскі прэм'ер заявіў аб эскалацыі.
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян уважае заявы прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева аб «фашызме» спробай эскалацыі двухбаковых стасункаў.
У інтэрв'ю Armenia News ён выказаў меркаванне, што такімі выказваннямі ўлады Азербайджана спрабуюць «легітымізаваць» эскалацыю ў рэгіёне.
«Робяцца агрэсіўныя заявы ў разліку на тое, што з боку Ерэвана рушыць услед агрэсіўная рэакцыя, што дазволіць Баку зрабіць уласныя заявы больш агрэсіўнымі… Мы не пойдзем гэтым шляхам і будзем прытрымлівацца мірнай стратэгіі ды паслядоўна рэалізоўваць мірны парадак дня», — заявіў Пашынян.
Пашынян таксама падкрэсліў, што Арменія будзе выкарыстоўваць мову дыялогу, а не мову агрэсіі. Пры гэтым ён дадаў, што ў Арменіі таксама ёсць такое ўспрыманне ў стаўленні да Азербайджана.
«Але стратэгія міру ў тым, каб прыняць да ўвагі, што ў Азербайджане ёсць такое ўспрыманне нас, а ім прыняць да ўвагі, што ў Арменіі ёсць такое ўспрыманне да іх. Парадак дня міру датычыцца абмеркавання і разгляду гэтых уяўленняў. Частка ўзгодненых артыкулаў мірнай дамовы закрывае старонку некаторых з гэтых уяўленняў, іншыя часткі дазваляюць нам зрабіць усе ўзаемныя негатыўныя ўяўленні часткай двухбаковага парадку дня і ліквідаваць іх», — дадаў прэм'ер-міністр Арменіі.