9 студзеня 2025, Чацвер, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Там сканцэнтраваныя стратэгічныя цэлі»

«Там сканцэнтраваныя стратэгічныя цэлі»
ІГАР РАМАНЕНКА

Генерал-лейтэнант растлумачыў важнасць дакладных удараў па Энгельсе.

У Саратаўскай вобласці Расеі ноччу 8 студзеня прагрымелі выбухі на базе захоўвання нафтапрадуктаў «Камбінат Крышталь», размешчанай у Энгельсе. Таксама ў горадзе знаходзіцца авіябаза, адкуль узлятаюць Ту-95МС, якія абстрэльваюць Украіну.

Генерал-лейтэнант, ваенны эксперт, заснавальнік ГА «Закрыем неба Украіны» Ігар Раманенка адзначыў у размове з «24 Каналом», што Энгельс размешчаны побач з абласным цэнтрам Саратаў. У гэтых гарадах аб'яднаныя важныя аб'екты расейскага ВПК.

Маем цэлы спектр узбраення

– Энгельс і Саратаў – гарады-двайняты. З пункту гледжання абаронна-прамысловага комплексу Расеі яны аб'ядноўваюць усе стратэгічныя цэлі. Гэтыя цэлі звязаныя з паліва-змазачнымі матэрыяламі, іх выпрацоўкай, захоўваннем і пастаўкай на фронт расейскім сілам, – растлумачыў ваенны эксперт.

У Энгельсе размешчанае прадпрыемства расейскага абаронна-прамысловага комплексу, якое вырабляе ўзбраенне – тэхніку, боепрыпасы. Акрамя таго, там знаходзіцца аэрадром як структура, адкуль паднімаюцца ў неба самалёты, лётныя апараты, коптары і г.д. Таксама гэта структура са складамі з узбраеннем, тэхнікай, паліва-змазачнымі матэрыяламі.

У гэтых двух гарадах, паводле словаў Раманенкі, усё гэта ёсць. Таму для расейскай прапаганды, для глыбіннага народа, ужо нельга гаварыць, што яны «белыя і пухнатыя» і гэты ўдар нібыта па «нявінным мястэчку».

Паводле ягоных словаў, Украіна была ў такой сітуацыі ў 2014 годзе, калі яе сілы падыходзілі да Данецка і Луганска.

Тады мы тыдзень думалі, што рабіць – ці заходзіць, ці абыходзіць. І гэта дало магчымасць Пуціну ацаніць сітуацыю і прыняць пастанову аб выкарыстанні сваіх сілаў. Спадзяюся, што Украіна ўжо навучаная, і таму гэтыя прапагандысцкія выпады не дапамогуць расейцам, – падкрэсліў генерал-лейтэнант.

У той самы час Украіна, паводле ягоных словаў, здольная на далейшае развіццё ў выкарыстанні дронаў, ракетаў.

– Маем цэлы спектр узбраення, сярод іншага ракету «Трэмбіта», ракету-дрон «Паляніца» і г.д. Таксама спадзяемся, што сёлета адбудуцца станоўчыя выпрабаванні ўкраінскіх ракетаў, сярод іншага праекту «Сапсан», – падкрэсліў Ігар Раманенка.

Ён дадаў, што таксама Украіна будзе мець новы інструментарый, які будзе перададзены нашым абаронцам для таго, каб яны наносілі магутныя ўдары па законных ваенных цэлях у Расеі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках