9 студзеня 2025, Чацвер, 20:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры гарады на расейскім Далёкім Усходзе засталіся без цяпла

16
Тры гарады на расейскім Далёкім Усходзе засталіся без цяпла

У вялізныя маразы.

Тысячы жыхароў Чыты, дзе тэмпература гэтымі днямі даходзіць да 20 градусаў марозу, засталіся без гарачай вады і ацяплення раніцай 7 студзеня. Прычынай стала аварыя на кацельні былога Машынабудаўнічага завода. Кіраўніца гарадской адміністрацыі Іна Шчаглова паведаміла, што на самым буйным пятым катле адбыўся працёк. Спажыўцоў пераключылі на чацвёрты, у выніку чаго давялося знізіць «параметры цеплазабеспячэння», піша The Moscow Times.

Аднаўленчыя працы павінны былі закончыцца ў той самы дзень пасля абеду, аднак укласціся ў гэты тэрмін не атрымалася. Днём 8 студзеня на халодныя батарэі скардзіліся жыхары дамоў на вуліцы Таежнай. У адміністрацыі Чыты растлумачылі, што прычынай стала замена закідвальніка вугалю на чацвёртым катле.

Аварыі на кацельні Машзавода адбываюцца рэгулярна, праз яе восенню горад не атрымаў пашпарт гатоўнасці да зімы. Апошні раз яна ламалася 29 снежня. Аб'ект належыць кампаніі «Цеплаэнэргасэрвіс», падкантрольнай экс-мэру Чыты, чальцу «Адзінай Расеі» Уладзіміру Забеліну. У верасні ён заяўляў, што кацельня гатовая да зімы як ніколі раней, дзякуючы праведзенаму рамонту, які раней не дазвалялі зрабіць «заніжаныя ўдвая» тарыфы. Пры гэтым у сакавіку Забелін хацеў прадаць актыў за 107 млн рублёў, адзначаючы, што «кампаніі будзе прасцей пазбавіцца ад кацельні, чым абслугоўваць». Аднак у адміністрацыі назвалі гэтыя грошы «непад'ёмнымі». Спрабаваць развязаць праблему будуць толькі ў траўні – пасля заканчэння ацяпляльнага сезону.

Акрамя гэтага, былі спыненыя два катлы, якія падалі ацяпленне ў забайкальскім горадзе Борзя з насельніцтвам 30 тысячаў чалавек. У міністэрстве ЖКГ заявілі, што адбылася зашлакоўка. Пакуль горад топіцца адзіным, трэцім катлом, на вуліцы 21 градус марозу. Аналагічная праблема ўзнікла на кацельні Борзі менш за два тыдні таму. Праз зашлакоўку аднаго з катлоў тэмпература ў дамах апускалася да 17 градусаў.

Тым часам у далёкаўсходняй рэспубліцы Саха (Якуція) жыхары Жыганскага раёна на тыдзень засталіся без ацяплення ў 50-градусны мароз пасля таго, як напярэдадні Новага года праз пажар была спыненая цэнтральная кацельня. На гэтым фоне ў горадзе пачалі лопацца трубы і радыятары. Жыхары папрасілі рэгіянальнага міністра ЖКГ абвясціць надзвычайнае становішча. Мясцовыя ўлады, у сваю чаргу, заклікалі грамадзянаў захоўваць спакой і адключылі вулічнае асвятленне, каб знізіць нагрузку на гарадскую электрасетку.

Цеплацэнтраль у Жыганскім раёне абслугоўвае кампанія, узначаленая дэпутатам ад «Адзінай Расеі» Віталём Чыкачовым. Ён заявіў, што 8 студзеня сітуацыя з падачай ацяплення «стабілізавалася», аднак рамонт аднаго з катлоў прадаўжаецца. У працы задзейнічаныя 20 спецыялістаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках