«Я бегала па гандлёвым цэнтры Дубая, спрабуючы знайсці ўсе гэтыя рэчы»
26- 1.02.2025, 11:58
- 15,402

Арына Сабаленка расказала пра сваю малодшую сястру і набыткі для яе.
Найлепшая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ў інтэрв'ю амерыканскаму часопісу Flaunt расказала, як ставіцца да сваёй малодшай сястры Антаніны.
«Ёй 15, і я ніколі не буду яе ні за што асуджаць. Павінна сказаць, былі часы, калі ёй было сапраўды цяжка, таму што я спрабавала прымусіць яе зразумець нешта, была зацыкленая на ёй. Але цяпер, думаю, я тая, хто проста побач для весялосці, падтрымкі і любой парады, якая ёй патрэбная ад мяне», – прызналася Сабаленка.

Арына імкнецца выканаць любое даручэнне малодшай сястры: «Пра што б яна мяне ні папрасіла, я заўсёды спрабую прыдумаць, як гэта зрабіць. Я была ў Дубаі, і яна даслала мне спіс. Мая [тэнісная] каманда вярталася дадому, а я бегала па гандлёвым цэнтры, спрабуючы знайсці ўсе гэтыя рэчы, а гандлёвы цэнтр Дубая велізарны».
Паводле словаў Сабаленкі, яна была «выматаная», але знайшла для Тонечкі выдатны падарунак:
– Я падаравала ёй торбу Yves Saint Laurent (кошт можа дасягаць 3600 еўраў. – Заўвага. рэд.). Для 15-гадовай!
Арына сказала, што любіць сястру: «Калі яна нарадзілася, я была самым шчаслівым чалавекам. Я прасіла маму пра сястру шмат гадоў».
Нагадаем, Арына Сабаленка – першая ракетка свету. У 2025 годзе яна перамагла ў турніры ў Брысбене і саступіла ў фінале Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі ў Мельбурне. У якасці прызавых беларуска зарабіла за кар'еру 32,2 млн даляраў (да выліку падаткаў).