Лукашэнку будзе яшчэ больш балюча
14- ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛ «ПИСЬМА К ДОЧЕРИ»
- 1.02.2025, 19:20
- 27,626
Законы эканомікі падмануць можна, але ненадоўга.
У гаранта стабільнасці якое было электаральнае абяцанне? Што год будзе цяжкі. Пацан сказаў, пацан зробіць. Бо што-небудзь добрае яму і паабяцаць шкада, і выканаць не атрымаецца. А дрэннае за яго само сабой зробіцца. Усё, як ён любіць.
Вось учора Белстат палічыў, як гандлявалі летась, і высветлілася, што гандлявалі не вельмі весела. Гэта значыць, спачатку было весела, а потым стала не вельмі. Гандлёвы дэфіцыт за мінулы год аказаўся 5,4 мільярда даляраў, і толькі за снежань ён быў большы за мільярд.
Нічога не хачу сказаць, што 5,4 мільярда – гэта такі ўжо вялікі рэкорд. Бывала і болей. У 2010-м годзе бывала амаль дзесяць. І нічога. Калі не браць да ўвагі, што пасля яго быў 2011-ы і інфляцыя больш за сто адсоткаў.
Але гандлёваму дэфіцыту не трэба хвалявацца. У яго яшчэ ўсё наперадзе. Ён яшчэ можа паставіць новыя рэкорды. Бо сёлета для новых рэкордаў склаліся ўсе неабходныя ўмовы. Не трэба нават моцна старацца.
На расейскім рынку сканчаецца месца для беларускіх тавараў. Вось калі з сярэдзіны мінулага года яно сканчалася так паволі, то цяпер гэта ўжо становіцца прыкметна нават няўзброеным вокам. Бо расейская эканоміка апошнія тры гады была занадта неэканомнай.
А ў беларускага гандлю акрамя расейскага рынку няма асаблівых альтэрнатываў. Таму што паход па далёкай дузе прынёс камусьці шмат радасці і геапалітычнага ўзаемаразумення, але беларускаму гандлю ён не прынёс нічога, акрамя стратаў. За мінулы год беларускі экспарт на далёкай дузе ўпаў на 9 адсоткаў, а за снежань увогуле на 23. На блізкай дузе экспарт таксама падаў, але гэта было пакуль не так балюча. Балець яшчэ будзе.
Бо свае грошы заканчваюцца, зарабіць няма дзе, а бясплатна грошай не дае нават старэйшы хаўруснік. Можна было б пашнарыць па кішэнях беларускіх кампаній, як сёй-той прывык рабіць. Бо сёй-той прытрымліваецца такога жыццёвага прынцыпу, калі ўсё, што маё, тое маё, а што тваё, тое таксама маё.
І ён абавязкова яшчэ пашнырыць. Але праблема ў тым, што пашнарыць можна, а знайсці няма чаго. Пасля двух гадоў унікальнага коштавага эксперыменту, аналагаў якому няма, у гэтых кішэнях мала што засталося.
І калі своечасова не завязаць з эксперыментамі, то хутка не застанецца ўвогуле нічога. А завязваць даводзіцца ў самы непрыдатны момант. Калі, як я табе толькі што сказаў, грошай няма, зарабіць няма дзе, а бясплатна больш не даюць.
А калі цяпер раптоўна завязаць, то інфляцыя возьме рэванш за папярэднія два гады зневажанняў. Таму што законы эканомікі і здаровага сэнсу – гэта табе не беларуская канстытуцыя. Падмануць іх можна, але ненадоўга.
І я што табе хачу сказаць на гэты конт? Вось калі гаранта пакінуць сам-насам з ягонай стабільнасцю, то стабільнасць у яго сама сабой скончыцца. Галоўнае цяпер – не рабіць лішніх рэзкіх рухаў на тэму новага ўзаемаразумення і ўсёдаравання гаранта. Усе рэзкія рухі, якія трэба, гарант сам сабе зробіць.
Тэлеграм-канал «Письма к дочери»