Тайвань забараніў усім сваім дзяржустановам карыстацца кітайскім DeepSeek
5- 1.02.2025, 20:12
- 1,564
Выспа гаворыць аб пагрозе інфармацыйнай бяспекі.
Тайвань забараніў усім сваім дзяржаўным установам і пастаўшчыкам паслуг у сферы крытычнай інфраструктуры выкарыстоўваць тэхналогіі кітайскага стартапу ў галіне штучнага інтэлекту DeepSeek, спасылаючыся на меркаванні бяспекі, паведамляе Bloomberg.
«Яго праца звязана з праблемамі бяспекі, такімі як трансмежная перадача і ўцечка інфармацыі. Гэта прадукт, які пагражае нацыянальнай інфармацыйнай бяспецы», - гаворыцца ў заяве Міністэрства лічбавых тэхналогій выспы.
У студзені кампанія DeepSeek выпусціла новую платформу штучнага інтэлекту з адкрытым зыходным кодам, якая можа імітаваць чалавечае мысленне - гэта выклікала трывогу на міжнародным узроўні праз відавочную канкурэнтаздольнасць Пекіна ў сферы ШІ. Аплікацыя кампаніі заваявала папулярнасць ва ўсім свеце і ўзначаліла рэйтынгі запамповак мабільных аплікацый у некаторых краінах.
Але на шляху ўзмацнення папулярнасці DeepSeek ужо з'яўляюцца перашкоды, бо ўрады і бізнэс ацэньваюць патэнцыйныя наступствы для кібербяспекі і магчымасць таго, што інфармацыя, сабраная кітайскай кампаніяй, можа быць перададзеная ўраду Кітая.
Італьянскі рэгулятар у пытаннях прыватнасці абмежаваў працу кітайскай аплікацыі, Вялікая Брытанія выказала папярэджанне сваім грамадзянам і кампаніям, Пентагон ЗША таксама абмежаваў доступ да платформы. Сотні кампаній, у тым ліку юрыдычныя фірмы, забаранілі сваім супрацоўнікам выкарыстоўваць інструменты DeepSeek.