Другі з пачатку года самалёт «Аэрафлота» зламаўся ў паветры
3- 10.02.2025, 21:52
- 4,496

Ён здзейсніў экстранную пасадку ў Бангкоку.
Самалёт Boeing 777-300 авіякампаніі «Аэрафлот», які выконваў рэйс SU277 з міжнароднага аэрапорта Пхукета ў Маскву, быў вымушаны здзейсніць экстранную пасадку ў Бангкоку. Як піша Thai PBS, пасля некалькіх гадзінаў палёту вакол Андаманскага мора лайнер накіраваўся ў бок Сіямскага заліва, дзе экіпаж звязаўся з аэрапортам Суванапхум, запытаўшы экстранную пасадку праз тэхнічную няспраўнасць. Гэта ўжо другі з пачатку года выпадак паломкі самалёта «Аэрафлота» ў паветры, паведамляе The Moscow Times.
Паводле словаў дырэктара аэрапорта Суванапхум Кітыпхонга Кіціхатаёна, на момант пасадкі былі прыведзеныя ў гатоўнасць пажарныя службы, аднак рэжым надзвычайнай сітуацыі не ўводзіўся. Паводле звестак Thai PBS, прычынай інцыдэнту стала няспраўнасць сістэмы шасі. Прадстаўнік аэрапорта Суванапхум паведаміў ТАСС, што пасадка прайшла паспяхова: самалёт прызямліўся ў 21:11 паводле мясцовага часу (17:11 мск). У консульскім аддзеле амбасады Расеі ў Тайландзе адзначылі, што пасажыры рэйсу SU277 не звярталіся па консульскую дапамогу.
Увечары 24 студзеня лайнер «Аэрафлота» Boeing 737-800, які рухаўся рэйсам SU2131 са Стамбула ў Маскву, здзейсніў змушаную пасадку ў Астрахані. Як паведамілі ў прэс-службе аэрапорта, экіпаж прыняў пастанову пра пасадку «з тэхнічных прычынаў». Аднак канкрэтныя падрабязнасці няспраўнасці ні аэрапорт, ні сама авіякампанія не раскрылі. У афіцыйнай заяве «Аэрафлота» было толькі ўказана, што камандзір паветранага судна прыняў пастанову пра пасадку «ў мэтах бяспекі палёту» праз спрацоўванне індыкатараў адной з сістэмаў самалёта.
Такім чынам, усяго з пачатку 2025 года расейскія авіякампаніі сутыкнуліся з васьмю выпадкамі тэхнічных няспраўнасцяў самалётаў у паветры.
4 студзеня – праблемы ўзніклі адразу ў двух самалётаў: Airbus A321neo авіякампаніі «Уральскія авіялініі» (рэйс з Шарм-эль-Шэйха ў Екацерынбург) і Boeing 737 авіякампаніі NordStar (рэйс Валгаград – Екацерынбург).
7 студзеня – Boeing 737 UTair праз няспраўнасць стабілізатара правага рухавіка быў вымушаны вярнуцца ва Унукава падчас рэйсу Санкт-Пецярбург – Самарканд.
11 студзеня – у маскоўскім аэрапорце Унукава экстранна прызямліўся самалёт UTair, які ляцеў па маршруце Масква – Дубай. Прычынай стала зніжэнне ўзроўню гідраўлічнай вадкасці.
17 студзеня – Sukhoi Superjet 100 авіякампаніі «Рэд Вінгс», які накіроўваўся з Мінеральных Водаў у Ерэван, здзейсніў аварыйную пасадку праз няспраўнасць сістэмы кандыцыянавання.
19 студзеня – Sukhoi Superjet 100 авіякампаніі «Расея», які ляцеў рэйсам Масква – Саранск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт Шарамеццева праз тэхнічную няспраўнасць.
Санкцыйныя абмежаванні, уведзеныя супраць Расеі пасля ўварвання ва Украіну, прывялі да значнага пагаршэння тэхнічнага стану самалётаў расейскіх авіякампаній. Паводле вынікаў 2024 года колькасць авіяцыйных інцыдэнтаў у краіне дасягнула рэкордных паказнікаў. Цягам 11 месяцаў было зафіксавана 208 здарэнняў, што на 30 адсоткаў больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года. Гэты паказнік стаў самым высокім за апошнія шэсць гадоў.
Да 2022 года расейскі авіяпарк налічваў 1101 пасажырскі самалёт, з якіх 738 былі замежнай вытворчасці (пераважна Boeing і Airbus). Аднак, паводле прагнозаў Мінтрансу, праз санкцыі да 2030 года палова гэтых самалётаў будзе выведзеная з эксплуатацыі, а агульны даступны парк скароціцца да 319 машынаў.