Праз найбуйнейшы памежны пераход з Беларусі ў Польшчу стала ўязджаць менш цягнікоў
2- 12.02.2025, 12:15
- 4,224

Рэч у транзіце кітайскіх тавараў.
Грузавых цягнікоў, якія перасякаюць польска-беларускую мяжу ў Тэрэспалі, стала менш. Адна з прычын - праблемы з транзітам кітайскіх тавараў праз Расею.
Са звестак партала Rynek Kolejowy, у снежні 2024 года мяжу ў Тэрэспалі перасякала ў сярэднім 23 грузавыя цягнікі за дзень. Для параўнання: у лістападзе яе штодзень праходзіла ў сярэднім 27 цягнікоў.
Адна з прычын змяншэння грузаплыні - праблемы з транзітам грузаў праз Расею. У лістападзе расейскі ўрад прыняў дэкрэт аб забароне транзіту праз сваю тэрыторыю тавараў падвойнага прызначэння - яны могуць выкарыстоўвацца як у цывільных, так і вайсковых мэтах.
Напрыклад, Расея затрымлівала кантэйнеры з кампанентамі для аўтамабільных акумулятараў, а з некаторых экспартаваных тавараў там дэмантавалі электроніку.
Тэрэспаль з'яўляецца найбуйнейшым з трох чыгуначных пераходаў на польска-беларускай мяжы. Цяпер яе перасякаюць толькі грузавыя цягнікі. Пасажырскі рух прыпынены ў 2020 годзе.