У Менску прадаюць трохпакаёўку, якая здольная перанесці ў мінулае
14- 13.02.2025, 12:24
- 11,146

Пакупнікоў завабліваюць дыванамі на сценах і вельмі прывабным коштам.
У Заводскім раёне Менска прадаюць трохпакаёвую кватэру, якая размешчаная ў доме, пабудаваным паводле чэшскага праекту. Інтэр'ер у жыллі такі, які быў, хутчэй за ўсё, папулярным у мінулым стагоддзі: дываны на сценах і шпалеры на столі. Але сярод падобных аб'ектаў трохпакаёўка вылучаецца дэкорам у выглядзе ромбаў, палос і зорак, які паўтарылі ў кожным пакоі, на кухні, у калідоры і нават прыбіральні. "Зеркало" паглядзела на гэты аб'ект і яго кошт.
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на трэцім паверсе ў доме № 34 на вуліцы Паўлоўскага. Гэта пасёлак Сосны, які знаходзіцца за МКАД. Панэльны пяціпавярховік пабудавалі паводле чэшскага праекту ў 1988 годзе.


Агульная плошча кватэры - 67,76 м². Усе пакоі ў кватэры паасобныя. Кухня ў торхпакаёўцы - 8,12 м². Ёсць паасобны санвузел і балкон.


З новага ў кватэры - шклопакеты ПВХ. Усё астатняе трэба мяняць, пра гэта таксама згадваюць прадаўцы.



Паведамляецца, што каля дома ў любы час дня няма праблемы з паркоўкай аўтамабіля. Паблізу ёсць прадуктовая крама і дзіцячы садок. За два прыпынкі ад гарадскога грамадскага транспарту знаходзяцца банк, аптэка, пошта і гандлёвы цэнтр.

Дарога ад дома да станцыі метро "Магілёўская" на грамадскім транспарце складзе блізу 30 хвілін, на аўто атрымаецца дабрацца хутчэй.

Летась трохпакаёўку прадавалі за 201 576 рублёў, ці 60 000 даляраў. Аднак цяпер кошт гэтага жылля значна падрос: за кватэру просяць 226413 рублёў, або 68 000 даляраў (3343 рубля, або 1004 даляра, за м²).