Заторы ў цэнтры Менска будуць яшчэ цэлы месяц
1- 13.02.2025, 15:58
- 5,362

Прагноз дырэктара дзяржпрадпрыемства «Гардарбуд».
Сітуацыя з рухам транспарту ў цэнтры Менска павінна «палепшыцца» на працягу месяца. Такі прагноз зрабіў дырэктар дзяржпрадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панёў у каментары БелТА.
8 лютага пачаўся рамонт эстакады паміж плошчай Незалежнасці і вуліцай Маскоўскай. Ад таго цэнтр сталіцы штодня стаіць у пробках у гадзіну пік - раніцай і ўвечары. «Мінсктранс» штодня паведамляе аб спазненні ў руху грамадскага транспарту на 20-25 хвілін.
Панеў не бачыць у гэтым вялікай праблемы і спадзяецца, што аўтамабілісты самі навучацца не ствараць заторы: «Пробкі, безумоўна, ёсць, але яны не крытычныя для функцыянавання гарадскіх службаў. У гадзіны пік - раніцай і ўвечары, вядома, рух абцяжарваецца, але ДАІ працягвае працаваць над рэгуляваннем транспартных плыняў. На працягу максімум месяца мы чакаем стабілізацыі сітуацыі, увойдзем у нармальны рэжым працы».
Кіраўнік «Гардарбуда» заявіў, што менчукі паступова адаптуюцца да новых маршрутаў і не скардзяцца на працу транспарту. Як довад гэтага ён заявіў, што на сайт прадпрыемства такія скаргі не паступалі.
Скончыць рамонт моста плануюць да 1 снежня.
Са слоў Панева, падчас рамонту павялічыўся транспартны трафік праз Нямігу на вуліцу Маякоўскага, на Магілёўскую, Партызанскі праспект.