У Вугоршчыне абвалілася вытворчасць у адной з ключавых галінаў, якую аддалі Кітаю
7- 13.02.2025, 20:35
- 9,222

Прамысловая вытворчасць у краіне знізілася на 6,4%.
У Вугоршчыне ўпала вытворчасць батарэй для электрамабіляў да трохгадовага мінімуму, або на 51% у гадавым выразе ў 2024 годзе. Пра гэта піша агенцтва Bloomberg.
Вугорскі ўрад зрабіў стаўку на гэтую галіну ў надзеі выратаваць вытворчы сектар з рэзкага спаду, які пачаўся блізу 2022 года. Дзякуючы дзяржсубсідыям у краіну ўдалося запрасіць буйных кітайскіх вытворцаў.
Акумулятарныя заводы і вытворчасці звязаныя з электрамабільнай індустрыяй у Вугоршчыне ёсць у кітайскіх NIO, BYD, CATL, EVE Power, Sunwoda і Huayou Cobalt. Некаторыя вытворчыя пляцоўкі яшчэ на стадыі будаўніцтва.
У выніку эканоміка Вугоршчыны стала ў значнай ступені залежаць ад рэалізацыі акумулятараў для электрамабіляў кітайскіх заводаў, размешчаных у краіне. Паслабленне цікавасці да электрамабіляў у Еўропе прывяло да памяншэння аб'ёмаў вытворчасці на гэтых прадпрыемствах, што негатыўна адбілася на ВУП Вугоршчыны ў першым паўгоддзі 2024 года (падзенне на 0, 2%).
Паводле вынікаў 2024 года прамысловая вытворчасць у краіне знізілася на 6,4% у гадавым выразе. Асноўнымі прычынамі сталі спад у аўтамабільнай галіне і сегменце электроннага абсталявання, пацвярджае агенцтва Bloomberg са спасылкай на звесткі вугорскага статыстычнага кіравання.