22 лютага 2025, Субота, 22:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашысты заявілі, што падаражанне аўтамабіляў - у інтарэсах беларусаў

18
Лукашысты заявілі, што падаражанне аўтамабіляў - у інтарэсах беларусаў

Утылізацыйны збор вырасце яшчэ больш?

З 10 лютага ў Беларусі істотна выраслі стаўкі ўтылізацыйнага збору, які закладваецца ў кошт аўтамабіляў. У міністэрстве прамысловасці не хаваюць, што гэта зрабілі "ў інтарэсах аўтамабільнага рынку" не толькі нашай краіны, але і Расеі. Інтарэсамі спажыўцоў улады не пераймаюцца, піша «Белсат».

«Пастанова ўрада наконт павелічэння ставак утылізацыйнага збору - лагічны і своечасовы крок у інтарэсах аўтамабільнага рынку Беларусі і Расеі і дасканалы ў рамках рэалізацыі адзінай прамысловай палітыкі «саюзнай дзяржавы», - так падаражанне імпартных аўтамабіляў патлумачыла міністэрства прамысловасці.

У ведамстве заявілі, што істотны рост ставак «дазволіць найбольш эфектыўна абараніць інтарэсы нацыянальных вытворцаў і стымуляваць набыццё транспартных сродкаў, вырабленых на тэрыторыі «саюзнай дзяржавы».

У паведамленні Мінпрамысловасці згадваецца беларуска-кітайскі «Белджы», які «з мэтай аптымізацыі цэнавай палітыкі прапануе зніжкі і акцыі, а таксама прымальныя для пакупнікоў крэдытныя праграмы». З гэтага чыноўнікі робяць выснову, што падаражанне імпартных аўтамабіляў праз падвышэнне ўтыльзбору «паспрыяе абароне інтарэсаў айчынных вытворцаў транспартных сродкаў і грамадзян».

Пра тое, што стаўкі гэтага збору ў Беларусі «выраўняюць» з расейскімі, урад паведаміў у канцы студзеня. Калі адпаведную пастанову апублікавалі, высветлілася, што беларускія ўлады выраўнялі толькі тое, што выгадна дзяржаве, але не беларусам. Размова ідзе аб ільготнай стаўцы для фізічных асоб, якія прыганяюць аўтамабілі для сябе.

На новыя аўтамабілі, не старэйшыя за 3 гады, збор не змяніўся: Br544,5. На астатнія - вырас з Br816,7 да Br1089. У Расеі ж гэтыя стаўкі істотна меншыя: адпаведна Br118 і Br184 у пераліку з расейскіх рублёў.

Затое для аўтадылераў усё падаражэла да расейскага ўзроўню, акрамя электрамабіляў. Стаўкі выраслі ўдвая.

Утылізацыйны збор наўпрост уплывае на кошт аўтамабіля. Новыя стаўкі пачалі дзейнічаць у Беларусі 10 лютага.

«Новыя стаўкі непасрэдна і імгненна паўплываюць на раздробныя кошты імпартаваных легкавых аўтамабіляў. У тым ліку імпартаваныя з Расеі ці іншых дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза», - папярэджваў раней старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода.

Ён звярнуў увагу на яшчэ адну змену, якая прыйшла з новымі стаўкамі. Раней для беларускіх імпарцёраў быў аднолькавы збор для электракараў і гібрыдных аўтамабіляў, зараз жа гібрыды абкладаюцца такім жа тарыфам, як і аўто з рухавікамі ўнутранага згарання.

Экспэрт прагназуе скарачэнне продажаў новых імпартных аўтамабіляў у Беларусі, тактычна называючы гэта «астуджэннем рынку»:

«Гэтак істотны рост ставак утылізацыйнага збору, магчыма, прывядзе да істотнага астуджэння рынка новых легкавых аўтамабіляў. У першыя месяцы года рынак інэрцыйна і з улікам эфекту нізкай базы можа працягнуць рост, аднак выхад на паказчыкі штомесячных продажаў канца мінулага года мне пакуль уяўляецца праблематычным ».

Цяперашняе падвышэнне збору, здаецца, - толькі пачатак. У Расеі плануецца штогадовы рост ставак на 10-20% да 2030 года. І калі беларускія ўлады будуць надалей прывязвацца да ўзроўню суседняй краіны, то і ў нас утылізацыйны збор і, адпаведна, кошты аўтатранспарту будуць павялічвацца.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках