У Пінскім раёне на мяжы з Украінай ужо некалькі дзён працягваецца буйны пажар
2- 14.02.2025, 12:34
- 8,676

У МНС пра яго маўчаць.
На карце пажараў NASA буйны пажар, пра які не паведамлялі афіцыйна, заўважыў «Флагшток». Паводле звестак сервісу, пажар, які доўжыцца з 9 лютага, зафіксаваны ў экасістэме на Палессі ў Пінскім раёне Берасцейскай вобласці.
Мяркуючы з усяго, тушыць агонь не збіраюцца - гарыць пляц, які прымыкае да мяжы з Украінай. На тэрыторыю суседняй краіны полымя пакуль не перакінулася.
Ні ў навінах, ні ў справаздачы Берасцейскай абласной управы МНС згадак пра буйны пажар да гэтага часу няма. Пра прычыны ўзгарання нічога не вядома.
Тэрыторыя, на якой адбываецца пажар, належыць да заказніка рэспубліканскага значэння «Прастыр». Ён быў створаны з мэтай захавання эталоннага пляцу прыродных балотна-лугавых угоддзяў з багатым раслінным і жывёльным светам, які ўключае многія рэдкія віды флоры і фаўны Беларусі.
Заказнік мяжуе з Украінай і з'яўляецца часткай перспектыўнай транспамежнай асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі «Прастыр - Прыпяць - Стаход» (Беларусь - Украіна). Тэрыторыя заказніка забруджаная радыенуклідамі.
