«Быў гонар за беларусаў, за нацыю»
3- 14.02.2025, 15:45
- 3,716

Карыстальніца, якая пераехала ў Польшчу, згадала аб удзеле ў пратэстах у 2020-м.
Ксенія Дрончанка - двухразовая пераможца маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў каратэ ў катэгорыі да 55 кг. У інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты — мир!» яна прыгадала, як перажывала ў Беларусі пратэсты 2020 года.
«Мы заўсёды хадзілі ўсёй сям'ёй, але было страшнавата. Праз тое, што могуць затрымаць, зрабіць усё, што хочуць. Але мы разумелі, што трэба выходзіць, паказваць сваё стаўленне да сітуацыі. Плюс быў гонар за беларусаў, за нацыю, прыемна было бачыць пазітыў, аб'яднанне народа. Так што страх змешваўся з гонарам і шчасцем. Мы хадзілі амаль на ўсе акцыі. І нават калі бацькі заставаліся дома, я сама хадзіла, напрыклад, на жаночы марш. Мне хоць і было страшна, 16 год, але разумела, што трэба. Ведаеце, я тады больш баялася не за сябе, а за бацькоў, за тое, як яны прымуць, калі мяне затрымаюць. Бацькі часам нават казалі, што лепш не трэба, але я ўсё адно сыходзіла», - сказала Дрончанка.
Са слоў Ксеніі, ейная сям'я заўсёды цікавілася палітыкай: «Цікава, што я не жыла пры Лукашэнку, але ўсё адно заўсёды была супраць яго. Гэта і ўплыў бацькоў, а потым і ўплыў усяго таго, што я ўбачыла ў 2020-м. Як білі людзей, як ставіліся не па-людску. А калі даведалася, што было ў турмах, проста мурашкі па скуры».
Айчым каратысткі быў арыштаваны за ўдзел у пратэстах і каментары.
«Калі ён адводзіў брата ў садок, яго проста ля брамы схапіў ГУБАЗіК. Звязалі, галавой у асфальт, а брат сам дайшоў да садка. Айчым сядзеў у Гомелі тры месяцы, потым яго выпусцілі на нейкі час, ён скарыстаўся момантам і ўцёк», - прызналася Дрончанка.
Ксенія нарадзілася ў Хойніках, а ў шэсць гадоў пераехала ў Гомель. З 2021 года яна і яе сям'я жывуць у Польшчы. Акрамя трэніровак, спартоўка вучыцца ў Лодзі паводле спецыяльнасці «дыетолаг».