Крэмль рыхтуе поўную забарону на вываз бензіну з Расеі
9- 14.02.2025, 21:22
- 5,950

Праз серыю ўкраінскіх удараў па НПЗ.
Расейскія ўлады абдумваюць поўную забарону на вываз з краіны бензіну пасля рэкорднай з пачатку вайны чарады ўкраінскіх удараў па нафтазаводах, праз якія было спынена блізу 10% магутнасцяў нафтаперапрацоўкі ў краіне, піша The Moscow Times.
Поўная забарона на экспарт бензіну можа быць уведзеная з 1 сакавіка, паведамляе Reuters са спасылкай на знаёмыя з сітуацыяй крыніцы. Паводле іх словаў, пытанне будзе разглядацца на нарадзе ў віцэ-прэм'ера РФ Аляксандра Новака, якая адбудзецца на наступным тыдні.
Цяпер экспарт бензіну з Расеі абмежаваны: прадаваць яго за мяжу могуць толькі вытворцы, але не пасярэднікі і трэйдары. Пра ўзмацненне жорсткасці гэтых захадаў чыноўнікі задумаліся пасля чарады налётаў беспілотнікаў на НПЗ у студзені і лютым.
Пад украінскія ўдары патрапілі не менш як сем заводаў, у тым ліку «Танека» ў Татарстане (11 студзеня), Саратаўскі НПЗ «Раснафты» (11 студзеня), Разанскі НПЗ (двойчы – 24 і 26 студзеня), завод «Сібур-Кстова» у Ніжагародскай вобласці (29 студзеня), а таксама Валгаградскі НПЗ (31 студзеня). У лютым завод у Валгаградзе быў атакаваны другі раз, а акрамя таго, пад удар трапіў Астраханскі ГПЗ «Газпрама», які выпускаў паліва для паўднёвых рэгіёнаў. Гэта прывяло да прыпынення 10% магутнасцяў НПЗ, расказвалі раней крыніцы Reuters у галіне.
Летась праз налёты дронаў і праблемы з рамонтам аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расеі ўпалі да 12-гадовага мінімуму – 267 млн тонаў. Экспарт нафтапрадуктаў скараціўся на 9%, да 113,7 млн тонаў.
Адказам ураду на масаваныя ўдары БПЛА па энэргаінфраструктуры стала засакрэчванне статыстыкі. У траўні Мінэнэрга перастала перадаваць у Расстат аператыўныя звесткі пра выпуск бензіну, а ў жніўні грыф «сакрэтна» быў накладзены на статыстыку выпуску дызельнага паліва. «Часта статыстычныя звесткі пра вытворчасць маторных паліваў, якія публікуюцца Расстатам, могуць быць выкарыстаныя для неабгрунтаванага ціску на рынак і стварэння штучнага ажыятажу», – тлумачыла ўстанова.