«Прадаў аўто ў Расею, а штрафы прыходзяць да гэтага часу»
7- 15.02.2025, 19:16
- 6,740

Адвакатка патлумачыла, што рабіць беларусам у такой сітуацыі.
У рэдакцыю адной з беларускіх газетаў звярнуўся жыхар Магілёва, які трапіў у няпростую сітуацыю. Паводле словаў мужчыны, некалькі гадоў таму ён праз даверанасць прадаў свой аўтамабіль у Расею. Аднак з нядаўняга часу на ягоны адрас пачалі прыходзіць штрафы... Што рабіць у такім выпадку, патлумачыла юрыстка.
Каб развязаць гэтую праблему, адвакатка Наталля Русаковіч параіла звярнуцца ў Дзяржаўтаінспекцыю на месцы жыхарства з пісьмовай заявай. Паводле ейных словаў, такія выпадкі нярэдкія, паколькі ў ДАІ асобна бяруць да ўвагі дамовы адчужэння транспартных сродкаў і асобна – звесткі пра іх пастаноўку і зняцце з уліку. Аднак спецыялістка запэўніла: з кожным годам такіх сітуацый усё менш.
«…Раней з гэтай прычыны мелі месца выпадкі разыходжання інфармацыі наконт таго, хто ўласнік аўто, у сувязі з чым пастановы аб накладанні штрафу памылкова накіроўваліся ранейшаму ўласніку. Цяпер колькасць такіх выпадкаў зведзеная да мінімуму. Тым не менш, калі пакупнік машыны па-ранейшаму не зарэгістраваў яе на сябе, падобная сітуацыя можа адбыцца», – патлумачыла юрыстка.
Наталля Русаковіч нагадала: у адпаведнасці з п. 7 указа нумар 504 ад 15 кастрычніка 2007 года, права ўласнасці на транспартны сродак набытчыка ўзнікае, а права былога ўласніка спыняецца з моманту дзяржрэгістрацыі дамовы ў ДАІ. Адпаведна з гэтага моманту ўсе звязаныя з аўто абавязкі нясе новы законны ўладальнік, паведаміла газета «Аргументы і факты».
«Абавязак кампенсацыі шкоды, прычыненай аўтамабілем, ускладаецца на грамадзяніна, які валодае ім на праве ўласнасці або на іншай законнай падставе, г.зн. у тым ліку кіраўніка аўто праз даверанасць. Больш за тое, уласнік, які пакрыў шкоду, прычыненую асобай, якая кіравала аўто, таксама мае права зваротнага патрабавання (рэгрэсу) да гэтай асобы памерам выплачанай кампенсацыі», – удакладніла спецыялістка.
Дарэчы, калі ўласнік не згодны з змушэннем яго да адміністрацыйнай адказнасці і цягам месяца з дня атрымання копіі адпаведнай пастановы (яна выносіцца без удзелу самой асобы) падаў пра гэта пісьмовую заяву ў ДАІ на месцы жыхарства, гэтая пастанова страчвае сілу ў дзень атрымання названай заявы. Надалей адміністрацыйны працэс паводле гэтага факта будуць весці ў дачыненні да асобы, якая ў рэчаіснасці кіравала аўтамабілем.