22 лютага 2025, Субота, 22:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларуска-ўкраінскай мяжы амаль поўнасцю згарэў забруджаны радыенуклідамі заказнік

6
На беларуска-ўкраінскай мяжы амаль поўнасцю згарэў забруджаны радыенуклідамі заказнік

З’явіліся спадарожнікавыя здымкі пажару.

У «Радыё Свабода» трапілі спадарожнікавыя здымкі пажару ў рэспубліканскім заказніку «Прастыр» на беларуска-ўкраінскай мяжы. За тры дні выгарала амаль уся тэрыторыя прыродаахоўнай зоны.

Дым ад пажару з'явіўся на фатаграфіях 10 лютага. З іх можна меркаваць, што плошча пажару складае блізу 25 квадратных кіламетраў.

13 лютага гомельскае выданне «Флагшток» пісала, што на мапе пажараў ад NASA FIRMS з'явіўся буйны пажар, пра які афіцыйна не паведамлялі. Згодна з сэрвісам, агонь упершыню быў зафіксаваны ў экасістэме на Палессі і ў Пінскім раёне Берасцейскай вобласці на самай мяжы Украіны 9 лютага. Самая актыўная фаза пажару прыпала на 12 лютага. На стан 14 лютага, сэрвіс FIRMS ужо не фіксаваў загарання.

У зводках Берасцейскага МНС за апошнія дні няма ніякай інфармацыі пра пажар у заказніку.

Заказнік «Прастыр» уключае буйное нізіннае поймавае балота ў міжрэччы Прыпяці, Прастыра і Сціра. Гэта апошні з тыповых старажытных куткоў Заходняга Палесся, які захаваўся сярод змененых ландшафтаў. Тэрыторыя заказніка мае важнае значэнне для захавання папуляцый некаторых рэдкіх відаў птушак.

Ахоўная тэрыторыя была створаная з мэтай захавання эталоннага адрэзку прыродных балотна-лугавых угоддзяў з багатым раслінным і жывёльным светам, які ўключае шмат рэдкіх відаў флоры і фаўны Беларусі. Заказнік мяжуе з Украінай і з'яўляецца часткай перспектыўнай транспамежнай прыроднай тэрыторыі пад асаблівай аховай «Прастыр – Прыпяць – Стаход» (Беларусь – Украіна). Тэрыторыя заказніка забруджаная радыенуклідамі.

Спецыяліст у экалогіі і прыродаахоўных зонах у Беларусі, які з меркаванняў бяспекі захацеў не называць сваё імя, адзначыў у каментары выданню «Радыё Свабода», што пажары ўзімку для «маларухомых натуральных экасістэмаў, у тым ліку балотаў», не з'яўляюцца вялікай праблемай.

«Гэта пэўны шок, з якім экасістэма спраўляецца тым хутчэй, чым меншы ўплыў чалавека адчувае, – кажа эколаг. – Таму для асноўных відаў, якія ахоўваюцца на Прастыры – вяртлявай чарацянкі або вялікага падворліка – пажар не створыць праблемаў. Узімку тарфяны пласт балота звычайна насычаны вадой і пакрыты лёдам. Таму пажар хутка праходзіць па версе і выпальвае толькі сухое расліннае покрыва, якое ўвесну аднаўляецца з каранёў і насення».

Паводле словаў эколага, у Беларусі значна вырасла колькасць пажараў праз цёплыя зімы. Акрамя таго, агульныя змены клімату ўплываюць на абвадненне балотаў.

Найбольшую небяспеку эколагі бачаць у дзейнасці чалавека, якая парушае натуральны ход рэчаў у прыродзе, у выніку чаго пажары становяцца больш небяспечнымі і шкоднаснымі. Таксама небяспеку эксперт бачыць у стварэнні ў прыродаахоўнай зоне інфраструктуры, якая нібыта дапамагае ў барацьбе з пажарамі – сеткі дарог і каналаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках