Мазырскі НПЗ прызнаў сваю стратнасць
5- 15.02.2025, 16:34
- 11,144

Санкцыі дзейнічаюць.
У перадачы на заводскім радыё Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода начальніца аддзела арганізацыі працы і заробку пракаментавала падвышэнне заробкаў работнікам прадпрыемства. Як адзначаецца, «дырэктар завода анансаваў падняцце заробку на 10%, а фактычна падвышэнне, згодна з разліковым лістком, склала 6,25%», піша «Флагшток».
Начальніца аддзела адзначыла, што «ва ўмовах стратнай работы прадпрыемства і, як вынік, адсутнасці магчымасцей для падвышэння тарыфнай стаўкі першага разраду, улічваючы важнасць падтрымкі годнага ўзроўню дабрабыту работнікаў завода, кіраўніцтвам быў зроблены шэраг мер у гэтым кірунку».
Такім чынам, на Мазырскім НПЗ прызналі стратнасць сваёй працы.
Што да заробку, то начальніца падала лічбы, але наўпрост не адказала на пытанне, чаму заробак паднялі не на 10%, як абяцаў дырэктар.
Пры гэтым у газеце «Мазырскі перапрацоўшчык» згадалі аб прыпыненні дзеянняў некаторых пунктаў калектыўнай дамовы. Кіраўнік завадскога прафсаюза расказаў, што з 6 лютага да 31 сакавіка некаторыя пункты калектыўнай дамовы «на паўзе». Але падрабязнасці не раскрыў, растлумачыўшы гэта тым, што інфармацыя «даволі аб'ёмная», прапанаваўшы тым, хто цікавіцца шукаць яе самастойна, запытаць у старшыняў цэхкамаў.
У газеце прадпрыемствы таксама напісалі аб тым, што ў лютым «прадугледжанае плаўнае павелічэнне загрузкі, што паўплывае на змяненне планавых аб'ёмаў перапрацоўкі ў сакавіку».