G7 можа ўзмацніць жорсткасць санкцыі супраць Расеі
3- 15.02.2025, 21:17
- 3,730

Усё залежыць ад ходу перамоў аб заканчэнні вайны ва Украіне.
Новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі будуць залежаць ад гатоўнасці Масквы да «добрасумленных» мірных перамоў з Украінай. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў замежных спраў краін "Вялікай сямёркі" (G7).
Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў G7 дамовіліся аб гэтым у суботу на палях Мюнхенскай канферэнцыі. Яны маюць намер працягнуць сумесную працу ў дасягненні трывалага мірнага пагаднення для Украіны з надзейнымі гарантыямі бяспекі, каб "вайна не пачалася зноў", піша Reuters.
Выкананне гэтых умоў з боку Расеі павінны забяспечыць Украіне доўгатэрміновую бяспеку і стабільнасць як "суверэннай, незалежнай дзяржаве", растлумачылі міністры. Таксама ў заяве сказана, што дзяржавы G7 працягваюць "непахісную падтрымку" Украіны ў абароне яе "свабоды, суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці".
У G7 уваходзяць ЗША, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя, Італія, Канада і Японія. Раней прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп выступіў за вяртанне Расеі ў "Вялікую сямёрку" і назваў яе выключэнне "памылкай". Ён падкрэсліў, што справа тут не ў сімпатыях, а ў першапачатковай структуры G8. Са слоў Трампа, Пуцін таксама хоча, каб яго прынялі назад. Супраць гэтага выступіла міністарка замежных спраў Нямеччыны Аналена Бербок, якая заявіла, што РФ не павінна атрымаць месца ў групе вядучых эканамічна развітых дэмакратый. "Як партнёры па G7 мы неаднаразова давалі зразумець на працягу апошніх трох гадоў жорсткага поўнамаштабнага ўварвання [ва Украіну]: нармальнага супрацоўніцтва з гэтай Расеяй, з Расеяй [Уладзіміра] Пуціна, быць не можа", - сказала яна на Мюнхенскай канферэнцыі.