У Смаргоні падлетак выцягнуў з некалькіх аўтамабіляў грошы, каб набыць сабе ежу
23- 16.02.2025, 13:59
- 4,868

Аўтамабілі стаялі на неахоўных паркоўках, і іх дзверы былі не зачыненыя.
Смаргонскі падлетак скраў з прыпаркаваных на стаянцы аўтамабіляў трыста рублёў. На скрадзеныя грошы хлопец набыў ежу і напоі.
Як паведамляе мясцовае выданне «Светлы шлях», аўтамабілі стаялі на неахоўных паркоўках, і іх дзверы былі не зачыненыя. Усяго хлопчык скраў з аўто амаль трыста рублёў. Грошы выдаткаваў на чыпсы, шаўрму і напоі. Паведамляецца, што хлопец не дасягнуў узросту, з якога пачынаецца крымінальная адказнасць. Аднак пазбегнуць прафілактычных заняткаў з супрацоўнікамі ІСН не ўдалося. Цяпер ён іх будзе наведваць цягам года.
Нагадаем, паводле звестак Белстата на жнівень 2024 года, доля беларусаў, якія жывуць за рысай беднасці, складае 3,6%. Гэта той адсотак людзей, якія маюць даход, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму.
З 1 лютага бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі складае 447,64 рублі.
Найбольшая колькасць малазабяспечаных грамадзян пражывае ў Магілёўскай, Гомельскай і Берасцейскай абласцях - у першых двух 5,2 адсоткі насельніцтва, у апошняй - 5,1%. У Віцебскай вобласці такіх грамадзян 4,6%.
Найбольш матэрыяльна забяспечаным з'яўляецца Менск. Тут даход, ніжэйшы за пражытковы мінімум, маюць толькі 1,2% насельніцтва. За сталіцай ідуць Менская і Гарадзенская вобласці, дзе доля беднага насельніцтва складае 2,6%.