«Малако за шкоднасць не даюць, але бясплатна кормяць»
8- 17.02.2025, 11:41
- 5,522

Беларускі зваршчык пераехаў у Польшчу і параўнаў умовы працы і заробак.
Беларус Мікалай трэці год працуе зваршчыкам у Польшчы - робіць навясное абсталяванне для трактароў. Падобную працу ён выконваў і ў Беларусі, але там зарабляў амаль удвая менш. У размове з MOST мужчына падзяліўся плюсамі і мінусамі працы зваршчыкам у Польшчы і патлумачыў, чаму надумаў з'ехаць з краіны.
Да пераезду Мікалай працаваў на агрэгатным заводзе ў Смаргоні - філіяле МТЗ - і лічыў гэтую працу адной з найлепшых за апошні час. Пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі завод адкрыў для сябе расейскі рынак, і заробак у Мікалая вырас да 1200-1300 рублёў.
- Агулам мяне ўсё задавальняла. Плацілі ад выпрацоўкі, можна было добра зарабляць. Але праз вайну і сітуацыю ў краіне я прыняў пастанову з'язджаць, - распавядае Мікалай.
У эміграцыі ён апынуўся ў канцы 2022 года. Для жыцця абраў Беласток: хацеў быць бліжэй да дома.
Праца праз агенцтва
У Польшчы мужчына шукаў працу зваршчыкам. Першы час працаваў на будоўлі і варыў арматуру, а пасля знайшоў завод вытворчасці сельскагаспадарчага абсталявання. Такую працу Мікола выконваў і ў Беларусі.
На польскае прадпрыемства мужчына ўладкаваўся праз агенцыю працаўладкавання. Гэта азначае, што частка грошай, якія прадпрыемства магло б плаціць яму, сыходзіць фірме-пасрэдніку.
- Прадпрыемства вельмі падобна да смаргонскага заводу. Але калі ў Беларусі аплата была здзельная - залежала ад выпрацоўкі, то ў Польшчы я зарабляю па гадзінах. Працуем з навясным абсталяваннем для трактароў: сеялкі, касілкі, капалкі - усё, што трэба фермерам.
Патрабаванні да якасці вышэйшыя
Складанасць працы і патрабаванні да кваліфікацыі ў Польшчы такія ж, як у Беларусі, зазначае Мікалай. Работы бывае нават менш, а вось патрабаванні да якасці вышэйшыя. Зарабіць на польскім прадпрыемстве можна ў сярэднім 1000-1500 даляраў. Мужчына дадае, што гэта амаль удвая больш, чым было ў яго ў Беларусі.
- Рабочыя ўмовы ў цэху - блізу +17, у Беларусі было на 5-7 градусаў халадней. Як у Беларусі, малако за шкоднасць не даюць, але бясплатна кормяць у сталоўцы. З мінусаў - самастойна трэба рэгістраваць у кампутарнай сістэме сваю прысутнасць і аб'ём выкананых задач. Да гэтага давялося звыкаць.
Метал, з якім працуе Мікалай, не моцна адрозніваецца, а вось апараты ў Польшчы, паводле яго назіранняў, навейшышыя і магутнейшыя. У Беларусі мужчына варыў вуглякіслым газам, а зараз - сумессю аргону і вуглякіслага газу. Апошні варыянт дае больш якасныя швы і лягчэйшы ў працы, тлумачыць ён.
Не вышэйшы ўзровень для зваршчыка
Са слоў Мікалая, у Польшчы зваршчык можа зарабляць значна больш. Усё залежыць ад кваліфікацыі і ўмоў кантракту.
- Калі працуеш праз агенцтва, частка [выдаткаў прадпрыемства] сыходзіць пасярэдніку. Але калі ўладкоўваешся наўпрост і добра сябе паказваеш, можна дамовіцца аб падвышэнні заробку. Тут шануюць спецыялістаў. Можна працаваць па 10 гадзін і болей, каб зарабляць дадаткова. Я не застаюся - мне і так стае.
Праца з навясным абсталяваннем для сельгастэхнікі - не самая складаная для зваршчыка.
- Тое, што я раблю сёння, - касілкі, плугі - гэта не найвышэйшы ўзровень. Я вару дэталі, часам нават не ведаю, які падстрэшак будзе. Кожны робіць свой этап. А вось, напрыклад, зваршчыкі, якія працуюць на ветраках пасярод Балтыкі, атрымліваюць зусім іншыя грошы. Там вялікая адказнасць і высокія рызыкі. Я спрабаваў сябе ў такім у 2016 годзе. Нешта атрымлівалася, нешта не. Магчыма, вярнуся да гэтага ў будучыні, - разважае Мікалай.
Параўноўваць беларускія і польскія трактары Мікалай не бярэцца - мяркуе, што гэта справа фермераў і тых, хто на іх працуе. Але розніцу ў падыходзе ён заўважае.
- У Беларусі, дзе працоўная сіла танная, фермер хутчэй сам заварыць зламаную дэталь: зварачны апарат ёсць амаль у кожнага. У Польшчы - прывязе вытворцу і памяняе па гарантыі.