У ЗША патлумачылі, як будуць весці перамовы з Украінай і РФ
3- 17.02.2025, 12:02
- 7,428

Першыя перамовы з РФ, якія пройдуць у Савудаўскай Арабіі.
ЗША маюць намер спачатку правесці двухбаковыя перамовы з краінай-агрэсаркай Расеяй і Украінай па чарзе, а ўжо пасля гэтага арганізаваць супольныя. Пра гэта 15 лютага паведамляе NBC News са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Дзве афіцыйныя асобы ЗША пацвердзілі, што Украіна не была запрошаная на перамовы ў Савудаўскай Арабіі, але заявілі, што ЗША маюць намер правесці двухбаковую сустрэчу з Расеяй, затым двухбаковую сустрэчу з Украінай, а затым правесці супольныя перамовы.
"Усё гэта кажа аб тым, што мы працуем з абедзвюма [краінамі] з аднолькавай вагой", - сказаў адзін з чыноўнікаў. Ён падкрэсліў, што ЗША працуюць над тым, каб "пакласці канец забойствам і рухацца да трывалага міру".
На першыя перамовы з РФ, якія пройдуць у Савудаўскай Арабіі, накіроўваюцца дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё , дарадца ў нацыянальнай бяспецы Майк Вальц і спецпрадстаўнік на Блізкім Усходзе Стыў Віткоф, сказалі крыніцы.
Адзначаецца, што спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны і Расеі Кіт Келаг на канферэнцыі аб бяспецы ў Мюнхене выступіў у абарону перспектывы ўзаемадзеяння з нелегітымным прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным у мэтах дасягнення міру паміж Расеяй і Украінай, падкрэсліўшы, што неабходна "размаўляць з супраціўнікамі".