21 лютага 2025, Пятніца, 20:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы былі такія ж акупанты, як зараз расейцы»

6
«Мы былі такія ж акупанты, як зараз расейцы»

Трыццаць шэсць год таму скончыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістану.

Трыццаць шэсць год таму, 15 лютага 1989, скончыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістану. Штогод у Беларусі ў гэты дзень адбываюцца мітынгі-рэквіюмы па загінулых і сустрэчы былых «афганцаў».

Афганская вайна не выклікала ў той час у простых савецкіх грамадзян выяўленай палітычнай рэакцыі. Было дрэннае веданне сітуацыі, пераважаў страх і немагчымасць ацаніць тое, што адбываецца. Асаблівую трывогу адчувалі сваякі мужчын прызыўнога ўзросту з-за асцярогі, што тыя будуць пасланыя ў зону баявых дзеянняў. Прынамсі, штосьці падобнае зараз адчуваюць і беларусы.

«Радыё Рацыя» пагаварыла пра гэтую вайну і яе ацэнку з былым «афганцам», выконваючым абавязкі кіраўніка партыі «Народная грамада» Яўгенам Вільскім.

– Афганская вайна. У той час многія людзі траплялі на гэтую вайну супраць сваёй волі. Іх проста прызывалі ў армію і везлі невядома куды. Вы ведалі, куды паедзеце? Вы ехалі туды мэтанакіравана ці  Вас таксама раптоўна адвезлі некуды, ніхто нічога не ведаў?

– Мой бацька быў вайскоўцам. І бацька майго бацькі таксама быў вайскоўцам. Я таксама вайсковец. Таму пасля заканчэння вучылішча, натуральна, мы ўсе ведалі, што праз пэўны час апынёмся ў Афганістане. Я скончыў агульнавойскавое вучылішча. Па сутнасці, гэта пяхотнае або мотастралковае. Таму мой шлях рана ці позна ляжаў у Афганістан.

– Адмовіцца нельга было?

– Па тых часах адмовіцца было немагчыма. Я не імкнуўся туды, але калі прыйшоў час ехаць, я сабраўся і паехаў. Што там, маладому лейтэнанту — паклаў зубную шчотку і паехаў.

– І не было страшна, куды вас накіроўваюць? У той час усе перажывалі, і родныя. І думалі, толькі б сын не трапіў туды, на вайну.

– Мой бацька сказаў, што будзе стаяць з плакатам «Супраць вайны», але так і не зрабіў гэтага. Не, ужо калі я з’ехаў, ён сказаў, што будзе недзе стаяць з плакатам. Таму не, страху не было. У маладосці ўсё ўспрымаецца інакш. Гэта як прыгода, як нейкая разнастайнасць у жыцці. Таму не.

– Колькі вам было гадоў, калі вас забралі ў Афганістан?

– Гэта быў 1985 год, мне было 23 гады. Я ўжо быў афіцэрам, скончыў вучылішча. Гэта таксама 4 гады, гэта ўжо дастаткова дарослы ўзрост.

– Куды вас накіравалі і чым вы там займаліся? Былі нейкія аперацыі даволі складаныя, цяжкія і страшныя?

– Мне пашанцавала. Я трапіў у ахову дарогі. Гэта была дарога з Ташкургана ў Кабул праз перавал Саланг. Мая рота ахоўвала ўчастак дарогі кіламетраў 20-30. Мы не ўдзельнічалі ў аперацыях і не бралі ніякіх кішлакоў. Наша задача была ахоўваць дарогу і дзве трубы, па якіх перапампоўвалі дызельнае паліва і газу з Савецкага Саюза ў Афганістан. Калі здараліся страты паліва, Савецкі Саюз плаціў Афганістану штрафы. Таму ўсе сілы былі кінуты на ахову гэтых труб. Яны былі з керамікі, і мясцовыя жыхары часта рабілі ў іх дзіркі, каб набраць паліва. Мы ноччу ездзілі на БТРах уздоўж трасы, спрабуючы гэта прадухіліць.

– Былі страты?

– Так, за два гады былі. Мы ўсё роўна неслі страты. На маім участку загінула 11 нашых вайскоўцаў. Прыходзілі маджахеды з Пакістана. З мясцовымі мы ўжо сябравалі, а вось прыходжыя часам рабілі засады. Не ведаю, шмат гэта ці мала — 11 чалавек на роту, але так было. У роце было 82 чалавекі, да таго мінамётная батарэя — і ўсяго было каля 150 чалавек.

– Некаторыя вайскоўцы гінулі праз тое, што давяралі мясцовым ці ўступалі з імі ў зносіны. У вас такое было?

– У нашай роце такога не было, бо ўсіх гандляроў мы ведалі, і калі б нешта здарылася, мы б хутка знайшлі вінаватага. На другі год маёй службы з гор спусціліся ісмаіліты. Яны радыкальна вырашылі ўсе праблемы — проста перарэзалі ўсіх мясцовых бандытаў і занялі ўсе вышыні. Напады цалкам спыніліся.

Першы год быў вельмі напружаны: за адзін тыдзень мы страцілі тры БТРы ў засадах. Згубілі тады і вайскоўцаў. Я памятаю, за адным плыў, а той не даплыў, хадзіў ранкам на тым беразе і запіхваў кішкі сабе ў жывот.

– Такія жахі вы бачылі на сваёй службе. Гэта не забываецца.

– Калі бачыш, як твайго сябра разрывае, а ты нічым не можаш дапамагчы, бо вас падзяляе 20 метраў – горная рака, і ты ўначы не можаш пераплыць праз яе, каб дапамагчы. Гэта застаецца ў памяці назаўжды.

– Медыкі былі з вамі?

– У нас быў толькі санінструктар. У параўнанні з тым, што ёсць цяпер ва Украіне, гэта «неба і зямля». Аптэчкі ў нас былі ў БТРах, а з сабой толькі бінт насілі. Гэта ўсё, што ў нас было. Нас ніхто не вучыў аказваць першую дапамогу. У прыкладзе аўтамата быў схаваны бінт — гэта было максімум, што ў нас было.

– І ніякіх джгутоў ці сродкаў для спынення крывацёку?

– Не, нічога такога з сабой не насілі. У БТРах нешта было, але з сабой — не.

Да шпіталя было каля 20 кіламетраў, можна было хутка даехаць, калі нешта здаралася.

За два гады згубілі 11 чалавек, і чалавек 20 было параненых. Была ўсё ж такі рызыка. Асабліва, калі табе заставалася зусім крыху, і ты ведаеш, што твае два гады вось-вось скончацца, а табе трэба было ісці на заданне.

– Па загадзе ці быў нейкі графік або чарга?

– Так, быў графік. Людзі хутка адсейваліся. Калі чалавек вельмі баяўся, ён проста ехаў у адпачынак і не вяртаўся. Яго звальнялі з арміі. Але былі і іншыя выпадкі. Напрыклад, адзін салдат атрымаў цяжкае раненне, яго адправілі ў Саюз. Заставалася два месяцы службы, але ён дамогся вяртання, каб даслужыць.

– Вы ходзіце на сустрэчы з ветэранамі? Як вы цяпер ацэньваеце гэтую вайну?

Так, хадзіў я на гэтыя сустрэчы. Ёсць такая шырока вядомая Лінія Сталіна пад Менскам, Мы там перыядычна збіраліся. Гэта лінія Сталіна – тое, што было прапанавана і зроблена Беларускім саюзам афганцаў пад куратарствам Віктара Шэймана. Шмат там грошай «пракруцілі» на гэтай «патрыятычнай» вайне, як заўжды. Тады ў Саюза афганцаў былі вялікія льготы, як і ў святароў. Пасля гэта ўсё пазабіралі, але першыя гады былі льготы, і «верхавіна» гэтым карысталася. А для звычайных «нізоў» ладзіліся вось такія імпрэзы, дзе гарэлка лілася ракой і прамаўляліся тасты за перамогу.

Афганцы – гэта такія ж звычайныя людзі, як і ўсе ў Беларусі, няма там ніякага гераічнага адбору. Яны нават больш ужываюць алкаголь, чым звычайныя беларусы.

А ганарыцца няма чым, мы былі такім ж акупантамі, як і зараз расейцы ва Украіне. Тады было тое ж самае, проста мы ў той час гэтага не разумелі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках