Стала вядома, хто адправіўся на перамовы з ЗША ад Расеі
12- 17.02.2025, 13:37
- 11,726

Перамовы пройдуць у Савудаўскай Арабіі.
Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў і галоўны дарадца расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы Юрый Ушакоў вылятаюць у Эр-Рыярд, сталіцу Савудаўскай Арабіі.
Пра гэта паведамляе расейскае прапагандысцкае агенцтва РІА “Новости”.
Пяскоў сказаў, што Лаўроў і Ушакоў адпраўляюцца ў Савудаўскую Арабію на даручэнне Пуціна.
Ён таксама пацвердзіў, што расейскія чыноўнікі правядуць перамовы з прадстаўнікамі ЗША ў аўторак, 18 лютага.
З яго слоў, дэлегацыі ЗША і Расеі абмяркуюць вайну ва Украіне, арганізацыю сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Пуціным, а таксама «аднаўленне ўсяго комплексу расейска-амерыканскіх стасункаў».
Прадстаўнік Крамля дадаў, што Савудаўская Арабія была абраная для кантактаў ЗША і РФ, бо яна «задавальняе абодва бакі».