Адыёзная румынская сенатарка патрапіла ў новы скандал
1- 17.02.2025, 14:25
- 7,994

На прыхільніцу Пуціна паскардзіліся ў пракуратуру.
На адыёзнага ультраправага палітыка Дыяну Шашааке паскардзіліся ў пракуратуру Румыніі праз яе ўхвальныя словы пра дыктатара Чаўшэску ў выступе ў Еўрапарламенце.
Пра гэта паведамляе Digi24.
Інстытут па расследаванні злачынстваў камунізму і памяці аб румынах у выгнанні абвясціў, што накіраваў у пракуратуру скаргу на Шашааку праз учыненне злачынства «публічнага прасоўвання культу асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў».
Нагодай стала выступленне Шашааке ў Еўрапарламенце 11 лютага, дзе яна пахваліла дыктатара Чаўшэску.
«Вы дыскрэдытуеце Трампа, дыскрэдытуеце Пуціна, вы ведзяце вайну з усімі. Вы хочаце стратэгіі? У мяне ёсць для вас парада. Паглядзіце на палітыку Мікалаэ Чаўшэску. Ніхто ніколі не параўнаўся з ім. Так, ён дыктатар, але ў яго была найлепшая замежная палітыка. Яму ўдалося пасадзіць за адзін стол Ізраіль і Палестыну і прынесці мір у рэгіён...», – заявіла тады Шашааке.
Інстытут бачыць у яе выказванні ўслаўленне асобы Чаўшэску і парушэнне закона.
У прадчтаўленні ўзгадалі і больш даўнія ўхвальныя выказванні Шашааку пра румынскага дыктатара, прынамсі, у лістападзе 2024 года.
«Нядаўняя прамова еўрадэпутата Дыяны Шашааке на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента, дзе яна пахваліла дыктатара Чаўшэску, з'яўляецца абразай памяці пацярпелых ад камуністычнага рэжыму і наступам на дэмакратычныя каштоўнасці, якія зараз падзяляюць Румынія і Еўропа. Непрымальна, каб праз 35 гадоў пасля рэвалюцыі 1989 года сімвал рэпрэсіўнага мінулага ў папулісцкай дэмагагічнай рыторыцы ператваралі ў мадэль для пераймання», – заявіў выканаўчы дырэктар Інстытута Даніэл Шандру.
Дыяна Шашааке вядомая шматлікімі скандальнымі заявамі і ўчынкамі. Яе вывелі з аднаго з пасяджэнняў Еўрапарламента, дзе яна крыкамі перабівала іншага дэпутата, скандавала «Верым у Бога» і трымала абраз, а за дзень да таго абяцала прывесці ў Еўрапарламент святара, каб «прагнаць адтуль д'яблаў».