Лукашэнка расказаў, што будзе з Wildberries у Беларусі
66- 17.02.2025, 14:35
- 25,738

На нараду з дыктатарам была кіраўніца маркетплэйсу.
Лукашэнка атрымаў ад урада прапановы па развіцці маркетплэйсу Wildberries у Беларусі. Пра гэта дыктатар паведаміў 17 лютага на сустрэчы з буйным бізнэсам. Сярод запрошаных была ў тым ліку заснавальніца Wildberries Таццяна Кім.
«Яны гатовыя пашырацца тут і прадаваць. Пытанне: што прадаваць? «Мы імкнемся да імпартазамяшчэння. Наш рынак невялікі, але мы хацелі б заняць гэты рынак сваёй вытворчасцю». І гэтак далей і да таго падобнае. Калі так - калі ласка», - адзначыў Лукашэнка.
Дыктатар удакладніў, што «яшчэ трэба ўлічыць адну рэч».
«Я не хачу, каб зніклі крамы крокавай даступнасці, маленькія крамкі і гэтак далей. Я не хачу, каб была манаполія буйных сетак. І не хачу, каб у кагосьці былі такія ўмовы, а ў гэтых - іншыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але калі хтосьці мадэрнізаваўся і прасунуўся ў будучыню, а Wildberries працуе менавіта так (я ўжо баюся, што ўвесь гандаль неўзабаве пяройдзе ў інтэрнэт), такія прадпрыемствы мы будзем падтрымліваць. Але ўсякае прадпрыемства мусіць працаваць на Беларусь, на дзяржаву. Тады ў мяне ніякіх не будзе да вас прэтэнзій».
Раней у беларускіх уладаў узнікалі пытанні да працы Wildberries. Таксама чыноўнікі абмяркоўвалі з кіраўніцтвам гэтага маркетплэйсу развіццё інфраструктуры ў Беларусі, адкрыццё лагістычных цэнтраў, урэгуляванне пытанняў «двайнога падаткаабкладання».