Памёр кіраўнік старавераў-паморцаў Беларусі Пётр Арлоў
2- 17.02.2025, 19:41
- 5,312

Пробашч Успенскай стараверскай царквы ў Полацку памёр на 90-м годзе жыцця.
13 лютага 2025 года на 90-м годзе жыцця не стала Пятра Арлова, кіраўніка Успенскай стараабрадніцкай царквы ў Полацку, паведамляе тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю!"
У дзяцінстве айцец Пётр быў вязнем гітлераўскага канцлагера. У савецкія гады ён служыў мараком замежнага плавання, а затым працаваў інжынерам на нафтаправодзе "Дружба". Пазней жа поўнасцю прысвяціў сябе духоўнаму жыццю. Месяц таму пайшла з жыцця ягоная жонка, з якой ён пражыў 70 гадоў.
Пётр Арлоў раней быў старшынём Цэнтральнай рады Старажытнаправаслаўнай Паморскай царквы ў Беларусі. Аднак у 2019 годзе ён падаў прашэнне аб адстаўцы, саступіўшы пасаду старшыні Аляксандру Бялову.
Вызначыць дакладную колькасць старавераў-паморцаў у Беларусі сёння складана: іх рэсурсы разрознены. У некаторых крыніцах, аднак, гаворыцца аб 40 парафіях, большасць з якіх знаходзіцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці.