Як на парадзе пайшла ў лоб
10- 17.02.2025, 21:27
- 18,760

Разгром расейскай танкавай калоны ў Курскай вобласці са сцягамі СССР абурыў z-блогераў.
Няўдалая атака расейскіх танкаў пад чырвонымі сцягамі ў Курскай вобласці выклікала абурэнне ў праваенных расейскіх сацсетках, піша ВВС.
Кадры разгрому расейскай бранятанкавай калоны ў раёне пасёлка Нікольскі на поўнач ад акупаванай УСУ Суджы з'явіліся ў сацсетках у нядзелю 16 лютага.
«Цяпер проста **** пад Мікольскім робіцца. 155-я [брыгада] калонай, *, пад чырвонымі сцягамі, як на парадзе пайшла ў лоб на рой ******* [украінскіх] дронаў па замінаванай дарозе!!! Вы не працірайце вочы, мы ўсё правільна напісалі – менавіта пад чырвонымі сцягамі Перамогі і менавіта па мінаванай дарозе», – піша ў тэлеграме «Северный канал».

На запісе відаць, як расейскія танкі і бронетранспарцёры з супрацьдроннымі сеткамі рухаюцца па заснежаным полі, падрываючыся адзін за адным.
«Спачатку скептычна ўспрыняў вось гэтае паведамленне. Потым удакладніў у знаёмых з месцаў і ўсё пацвердзілі. Сапраўды, вар'яцкія дзяды прымусілі паставіць сцягі Перамогі на тэхніку, пасля чаго адправілі калону проста на міннае поле пад удары тысячаў FPV-дронаў у Курскай вобласці», – паведаміў Z-блогер Alex Parker Returns.
«Частка машынаў была падбітая і дэсант змушана спешыўся, адышоўшы назад. Ацалелая ж частка калоны прайшла крыху далей, але ім у выніку таксама не ўдалося значна паглыбіцца і тэхніка была страчаная», – прызнае тэлеграм-канал «Ваенны інфарматар».

Паводле звестак z-блогераў, расейскай танкавай атацы папярэднічала паўночнакарэйская пяхотная.
Паводле тэлеграм-каналу «Северный канал», план, магчыма, складаўся ў тым, «каб атакаваць дзвюма хвалямі з паўзай»: першая хваля павінна была выматаць украінскую абарону, а другой калоне 155-й брыгады, відаць, было даручана прабіць пралом з выкарыстаннем паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
На кадрах відэа відаць, як разам з расейскай бронятэхнікай на снезе нясе страты пяхота.
І гэта далёка не першы такі выпадак.
«Пару месяцаў таму 810-я [брыгада] дакладна гэтаксама паехала на міны пад Паграбкамі. Ну няўжо тыя страты нічому нікога не навучылі?» – абураецца «Северный канал».
Што расказваюць украінцы
Паводле словаў удзельніка падзей, украінскага вайскоўца DroneBomber, УСУ яшчэ некалькі дзён таму ведалі, што 155-я расейская брыгада збіраецца пайсці ў наступ, але аперацыя з нейкіх прычынаў затрымалася. А калі пачалася, абарона была ў поўным узбраенні.
«Камандзіры 155-й даклалі, што шляхі не замінаваныя, так што можна спакойна прасоўвацца. Калону прыкрылі РЭБам, але ён аказаўся ******* (дрэнным – Бі-бі-сі). Працавалі мы і з дапамогай оптавалакна, і звычайнымі FPV-дронамі з некаторымі сакрэцікамі», – піша ён.
Як кажа ўкраінскі ваенны аглядальнік Сяргей Марфінаў, вельмі эфектыўны чыннік інжынернай падрыхтоўкі да абароны – асабліва мінныя загароды, якія, паводле ягоных звестак, усталёўваліся ў тым ліку дыстанцыйна з дапамогай цяжкіх беспілотнікаў.
«Таму ў спаборніцтве “бронятэхніка супраць дронаў” апошнія зноў атрымалі перамогу. Гэтае супрацьстаянне і далей будзе адной з ключавых тэндэнцый сучаснай вайны і найноўшай “гонкай узбраенняў” для ваенных інжынераў», – кажа Марфінаў.