У Барысаве на продаж выставілі дрэвы
7- 17.02.2025, 21:59
- 5,986

На аўкцыён расліны патрапілі як маёмасць прадпрыемства-банкрута.
На сайце Цэнтра прамысловай ацэнкі ў раздзеле «аўкцыёны» заўважаны незвычайныя лоты – два «камплекты» вялікаўзроставых дрэваў, якія растуць у Барысаве на адрасе вуліца Марозава, 87.
Першы лот – 78 раслінаў – ацэненыя на 28 170 рублёў са старту гандлю. У яго ўвайшлі драбналістыя ліпы, бальзамічныя таполі, павіслыя бярозы, два ясені, адна яблыня, адна белая вярба, а таксама кусты пузыраплодніку каліналістага і снежнаягадніку белага. Другі складаецца з сямі насаджэнняў: шасці ліпаў і пузыраплодніку. Ягоны стартавы кошт склаў 4563 рублі. Пры гэтым на абодва лоты ён ужо зніжаны на 10 адсоктаў ад першапачатковага.

Цікава, што прадаюцца толькі самі расліны, а не тэрыторыя, на якой яны растуць. Што рабіць з такой купляй, незразумела. Новаму ўласніку давядзецца несці адказнасць за зялёны куток (у тым ліку, калі нейкае дрэва абрынецца праз вецер або з іншых прычынаў), і не факт, што гэтыя насаджэнні атрымаецца ссячы на дровы або паспрабаваць зрабіць з іх піламатэрыялы.

Бо паводле Закону аб раслінным свеце, калі дрэвы і кустоўе растуць за межамі прыватных падворкаў або аб'ектаў, якія належаць прадпрыемствам і арганізацыям, іх высечка без прававызначальных дакументаў забароненая.
На аўкцыён расліны патрапілі як маёмасць прадпрыемства-банкрута. Туда сама трапілі і некаторыя пабудовы таго ж уласніка з тым жа адрасам, напрыклад, воданапорная вежа і падземныя складскія памяшканні. Пра зямельныя надзелы, якія адносяцца да гэтай нерухомасці, сказана, што на іх дадзенае права сталага карыстання.
Сам аўкцыён ужо закончыўся, ахвотных змагацца за аб'екты расліннага свету не знайшлося. Аднак, як паказана на сайце, прадавец можа выставіць лот на паўторны гандаль.