Пенсіянерку выратавала ад ашуканцаў няўменне захоўваць сакрэты
5- 18.02.2025, 8:52
- 15,946

Як працуе складаная схема аферыстаў.
Жанчыне патэлефанавалі на хатні тэлефон нібыта супрацоўнікі «Энэрганагляду». Яны расказалі, што зараз ідзе масавая замена лічыльнікаў, якая каштуе немалых грошай. Але жанчыне пашанцавала патрапіць на акцыю бясплатнай замены абсталявання. Гэта было той хітрасцю, на якую даверлівая пенсіянерка і трапілася.
Каб узяць удзел у акцыі, трэба было толькі паведаміць нібыта «Энэрганагляду» свае пашпартныя звесткі, што жанчына і зрабіла.
Амаль адразу пасля гэтага ёй патэлефанаваў праз мэсанджар «супрацоўнік міліцыі» і сказаў, што жанчыну падманулі. Маўляў, на яе звесткі ашуканцы аформілі крэдыты і ўжо выводзяць грошы за мяжу.
Пасля гэтага суразмоўца напалохаў пенсіянерку крымінальнай справай і пацікавіўся, ці ёсць у яе дома нейкі ашчадак. А паколькі грошы ў жанчыны знайшліся, мужчына параіў іх неадкладна задэклараваць, каб сродкі не канфіскавалі. Для гэтага трэба было пайсці ў банк і ўсё пакласці на спецыяльны рахунак.
На шчасце, банк у гэты час ужо не працаваў. Таму ашуканцы загадалі трымаць гэтую гісторыю ў сакрэце і звярнуцца ў банк у панядзелак. Але ўсхваляваная пенсіянерка не вытрымала і расказала пра ўсё сваёй знаёмай. Тая ж, зразумеўшы, што справа нячыстая, пераканала сяброўку звярнуцца ў міліцыю.
Цяпер следчыя распачалі крымінальную справу паводле факту махлярства.