У Беларусі памянялі пакаранні для 97 тыпаў злачынстваў
5- 18.02.2025, 10:48
- 9,046

Для каго скасавалі турэмнае зняволенне?
Аляксандр Лукашэнка 17 лютага падпісаў закон "Аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці", які ўносіць змяненні ў крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства. Гэта ў тым ліку пытанні пазбаўлення волі пэўных грамадзян, распачынанне крымінальных спраў за ДТЗ і не толькі.
Усяго, паводле закону, перагледзелі пакаранні для 97 складаў злачынстваў. З іх 65 дапоўнілі «альтэрнатыўнымі, больш мяккімі відамі пакаранняў» (з 24 злачынстваў раней пазбаўленне волі было адзіным магчымым пакараннем), яшчэ па 32 тыпах змянілі сумы пакаранняў, сцвярджаюць у прэс-службе Лукашэнкі.
Паводле дакументу, жанчын і самотных мужчын, якія ўпершыню ўчынілі няцяжкія злачынствы, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама непаўналетніх і інвалідаў I групы ў турму саджаць не будуць.
“Аднак за экстрэмізм і гвалтоўныя злачынствы гэтыя правілы прымяняцца не будуць”, — паведамляе прэс-служба дыктатара.
Таксама закон прадугледжвае распачынанне крымінальнай справы аб парушэнні правілаў дарожнага руху, якое прывяло да прычынення шкоды блізкім сваякам або сям'і вінаватага з ДТЗ, толькі паводле заявы пацярпелых. Гэта значыць, гаворачы простай мовай, калі ў аварыі пацярпела дачка бацькі, які быў за стырном у аўто, то на яго завядуць справу, толькі калі пацярпелая напіша заяву.
Ёсць і іншыя навіны. “Так, магчымае накладанне арышту на грашовыя сродкі, якія з'яўляюцца прадметам злачынства. Гэта дазволіць аператыўна блакаваць выкрадзеныя сумы на рахунках і забяспечваць іх вяртанне пацярпелым”, - гаворыцца ў паведамленні.
Яшчэ закон замацоўвае механізм блакавання нумароў мабільных тэлефонаў, фішынгавых сайтаў, іншых інтэрнэт-рэсурсаў, якія выкарыстоўваюць ашуканцы.
Дакумент замацаваў і наступную норму: педагог і псіхолаг павінны будуць абавязкова прысутнічаць пры допыце падлеткаў і правядзенні з іх удзелам вочнай стаўкі, а таксама для праверкі сведчанняў на месцы.
"Акрамя таго, законам прадугледжаны меры, якія дазваляюць судам больш гнутка падыходзіць да прызначэння пакарання за злачынствы, звязаныя з незаконным абарачэннем наркотыкаў", - дадалі ў прэс-службе Лукашэнкі без удакладнення, у чым будзе выказвацца гэтая "гнуткасць".