«За трохпакаёўку 280 прыйшло, ашалелі ўжо»
46- 18.02.2025, 20:45
- 29,070

Беларусам пачалі прыходзіць «пацяжэлыя» рахункі.
Беларусам пачалі прыходзіць «пацяжэлыя» рахункі ўжо ў лютым 2025 года. Усе камунальныя выплаты - тэхнічнае абслугоўванне, прыборка ў пад'ездзе, кошт святла і газу - у сярэднім выраслі.
«Еўрарадыё» вывучыла рахункі беларусаў з розных гарадоў за апошнія некалькі месяцаў і даведалася, на колькі ў іх узнялася камуналка.
«Заплаціў на 30 рублёў больш»
Кастусь жыве ў Наваполацку адзін у трохпакаёвай кватэры і кажа, што ў лютым цэннік за камуналку яго непрыемна здзівіў.
«Асабліва моцна падаражэла электрычнасць, а адсюль зразумела, што падаражэе і вада, і газ, і ўсё астатняе», – скардзіцца мужчына.
Так, за снежань 2024 года яму налічылі 96 рублёў камунальных аплат, яшчэ 34 рублі ён заплаціў за электрычнасць - усяго 130 рублёў.
А ўжо ў лютым Кастусь атрымаў рахунак за студзень: разам з электрычнасцю атрымалася амаль 160 рублёў.
Пры тым, што і ў снежні, і ў студзені ён выдаткоўваў практычна аднолькавую колькасць энэргіі.
«Я жыву адзін, і кожны месяц выдаткоўваю камуналку аднолькава, а зараз, атрымліваецца, заплаціў на 30 рублёў болей. Разумею, што цяпер зіма і потым стане таннейшай, але сам факт падаражання непрыемны».
За месяц рахунак Канстанціна «пацяжэў» на 20%.
Заплаціў столькі ж, але выдаткаваў менш святла
Алег жыве ў Менску. Без уліку электрычнасці і газу ў снежні 2024 года ў мужчыны рахунак за двухпакаёвую кватэру быў 85 рублёў, столькі ж яму налічылі ў студзені, але ёсць нюанс.
«Праз таго, што тарыфы павысіліся, я заплаціў такую ж суму, як і ў мінулым месяцы, хоць у снежні выліў 12 кубаметраў халоднай вады, а ў студзені - 8. А яшчэ падняліся цэны за капітальны рамонт і за тэхнічнае абслугоўванне».
«За трохпакаёўку 280 прыйшло, ашалелі ўжо»
Падаражанне камунальных паслуг у Беларусі заўважылі і карыстальнікі Цік-тока.
Так, беларус, які жыве ў аднапакаёвай кватэры, апублікаваў рахунак, паводле якой за студзень заплаціў на 26 рублёў больш — а гэта 37%.
Меркаванні ў каментарах пад відэа былі рознымі, некаторыя пагадзіліся з тым, што тарыфы павысіліся [стыль паведамленняў захаваны. — Еўрарадыё]:
«Трохпакаёўка 280 прыйшло, наогул ашалелі ўжо».
«Добры дзень, я толькі за святло заплаціла 70 руб., жах. 250 кілават».
«У мяне двухпакаёўка - было 98, цяпер прыйшло 140».
А ў кагосьці рахункі такія ж, як і ў папярэднія месяцы:
«Халера, аднапакаёўка ў Менску 33 кв. м. за снежань было 67 г., столькі ж прыйшло за студзень».
«У мяне такі рахунак за трохпакаёўку, а ў вас за аднапакаёўку? Калі жыла на арэнднай у паўтарачцы, быў рахунак 50 р., нешта дзіўнае тут».
«Не разумею, у мяне двухпакаёвая кватэра, у мінулым месяцы было 85 руб., у гэтым месяцы 80, нават менш».