Беларуса і ўкраінца ў Польшчы будуць судзіць за перавозку нелегалаў
8- 18.02.2025, 15:28
- 3,880

Ім пагражае да васьмі гадоў зняволення.
Беларус і ўкраінец перавезлі ад беларуска-польскай мяжы да Нямеччыны дзясяткі нелегальных мігрантаў. Але зараз мужчыны патрапілі пад суд, ім пагражае да васьмі гадоў турмы.
34-гадовы беларус Іван Б. і 51-гадовы ўкраінец Аляксей В. у 2024 годзе з траўня да верасня перавозілі замежнікаў, якія нелегальна пераходзілі беларуска-польскую мяжу, піша MOST. Аб'яву, якая прапаноўвала гэтую працу, яны знайшлі ў інтэрнэце і надумалі падзарабіць. Неўстаноўленыя асобы перадавалі мужчынам каардынаты месцаў у памежнай паласе, дзе тыя мусілі забіраць мігрантаў.
За некалькі месяцаў беларус з украінцам здзейснілі больш за дзясятак рэйсаў і перавезлі не менш за некалькі дзясяткаў мігрантаў.
Але падчас адной з паездак імі зацікавіліся польскія памежнікі. Неўзабаве палякі заўважылі, як з лесу выбеглі два чалавекі. Высветлілася, што гэта былі грамадзяне Сірыі. Разам з яшчэ дзесяццю суайчыннікамі яны пераплылі на пантоне цераз Буг. Яны накіроўваліся да таго месца, дзе іх чакалі перавозчыкі. Выправіцца далей ім перашкодзілі памежнікі.
Цяпер Іван Б. і Аляксей В. знаходзяцца ў ізалятары і чакаюць суда.