Як Украіна б'е па расейскім «ценявым» флоце
1- 18.02.2025, 16:23
- 5,906

Больш магутна за дыверсіі і ўдары беспілотнікаў.
Украіна магла б праводзіць дыверсіі і знішчаць танкеры расейскага «ценявога флоту», аднак ёсць найлепшы і больш законны спосаб перапыніць экспарт нафты з РФ. У ход пойдуць і дзеянні самой Украіны і яе стратэгічных хаўруснікаў.
Пра гэта ў эфіры YouTube-канала Telegraf UA распавёў капітан 1-га рангу запасу, экс-намеснік начальніка штаба ВМС УСУ Андрэй Рыжэнка. Ён растлумачыў, як можна пазбавіць Расею даходаў ад продажу «чорнага золата».
Вайсковы эксперт прызнаў: калі танкер з нафтай зафрахтаваны Міністэрствам абароны Расеі або афіцыйна ў фрахце МА РФ перавозіў груз для Мінабароны - ён з'яўляецца цалкам законнай цэллю. Але калі гэта мірнае судна, то напад на яго выклікае больш пытанняў, чым рацыі.
- Я думаю, што гэта не наш шлях - атакаваць цывільныя судны. Наш шлях - за імі сачыць, і калі яны заходзяць у тыя парты, тэрытарыяльныя воды, найбліжэйшыя воды, дзе магчымы ўплыў на іх экалагічнай, тэхнічнай, іншых інспекцый - тады гэта [трэба] рабіць і біць грашовымі сродкамі, - кажа вайсковы марак.
Ён згадаў расейскія сухагрузы Sparta і Sparta II кампаніі «Абароналагістыка», якая ўваходзіць у структуру МА РФ. Імі акупанты перакідвалі зброю з Сірыі ў чарнаморскія парты Расеі (гэты кірунак называўся «Сірыйскі экспрэс»). Аднак пасля яны вымушаныя былі змяніць маршрут транспартавання вайсковай тэхнікі.
- Калі пачаліся [поўнамаштабныя] баявыя дзеянні, і Турцыя прапускала іх у Чорнае мора, яны рэгулярна прывозілі ў Новарасійск ракеты С300, якімі білі па Украіне, - кажа вайсковы эксперт. - Іх потым прыбралі, бо ў нас з'явіліся беспілотныя ўдарныя сістэмы Magura і Sea Baby.
Таму я думаю, што біць танкеры - гэта не найлепшы метад. Найлепшы метад - шукаць шляхі, як перабіць ланцугі пастаўкі і выплаты. Бачыце, Злучаныя Штаты абвясцілі, што будуць санкцыі, і Індыя прыпыніла [закупы нафты ў Расеі] і Кітай пачаў думаць, - працягвае Андрэй Рыжэнка.
Ён згадаў, што 30 гадоў таму размешчаны ў Севастопалі гіганцкі Чарнаморскі флот РФ меў бюджэт 5 млрд даляраў (з агульнага бюджэту Мінабароны РФ 40 млрд дал - Рэд.), таму меў магчымасць выходзіць у мора толькі на адзін-два-тры дні на год.
- Потым іх бюджэт дзякуючы нафце вырас у 12-15 разоў, і яны пачалі напады на Грузію і Украіну. Спачатку ў 2014 годзе, потым у 2022-м. Таму, як толькі сродкі ў іх будуць абмежаваныя - гэта будзе зусім іншая сітуацыя, і першыя сімптомы гэтага цяпер ёсць, - падсумаваў экс-намеснік начальніка штаба ВМС УСУ.