Рэйды па пошуку «дармаедаў»: каго гэта закране і як можна падрыхтавацца
30- 18.02.2025, 17:19
- 18,602

Падрабязнасці расказалі ў спецыяльных камісіях.
МУС абвясціла, што ва ўсіх раёнах Менска пачне «пазапланавыя адпрацоўкі» для выяўлення «працаздольных асоб, не занятых у эканоміцы» і паабяцала правесці спецыяльныя «рэйды». Каго будуць шукаць? Куды прыйдуць? І што рабіць, калі «дармаеда» не апынецца дома? «Зеркало» расказвае падрабязнасці.
Каго будуць правяраць?
Нагадаем, 17 лютага міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на нарадзе ў Менгарвыканкаме «акрэсліў першарадную задачу — актуалізаваць інфармацыю ў базе звестак працаздольных асоб, не занятых у эканоміцы».
«Асобную ўвагу нададуць працоўным за мяжой, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. — Узмоцніцца кантроль за так званымі дармаедамі <…>«.
Праўда, са справаздачы МУС не да канца зразумела, паводле якіх крытэраў міліцыянты будуць вызначаць, да каго ісці, як менавіта будуць праходзіць рэйды (агляд жылля ці нешта іншае) і якія захады будуць ужываць пасля.
Пад выглядам занепакоеных грамадзян супрацоўнікі «Зеркала» звярнуліся ў чатыры «дармаедскія» камісіі Менска (афіцыйна яны называюцца «стала дзейныя камісіі ў каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва») пры адміністрацыях Партызанскага, Першамайскага, Кастрычніцкага і Фрунзенскага раёнаў Менска.
Ва ўсіх камісіях паведамілі, што міліцыя будзе наведваць з рэйдамі толькі тых, хто ўжо патрапіў у базу «не занятых у эканоміцы». Перш за ўсё накіруюцца да тых, хто знаходзіцца там «доўгі час» і «ніякай дзейнасці не ажыццяўляе». Калі чалавека няма ў гэтым пераліку - да яго прыйсці не павінны.
- У іх няма звестак нікога іншага. Яны бяруць базы ў Мінпрацы і праходзяць тых, хто ў базе знаходзіцца, - паведаміла адна з чыноўніц занепакоенай беларусцы.
То бок, не будзе «выяўлення» непрацуючых, якое згадвалася ў афіцыйным паведамленні МУС. «Адпрацоўваць» збіраюцца тых, каго ўжо «выявілі» раней.
Праверыць, ці ёсць чалавек у базе «дармаедаў», можна ў камісіі свайго раёна. У некаторых адміністрацыях гатовыя паведаміць чалавеку ягоны статус праз тэлефон, праз электронную пошту ці пры асабістым візіце. Таксама можна праверыць сябе анлайн праз сайт «Е-Паслуга» (але для гэтага спатрэбіцца лічбавы подпіс).
«Чыста на лесвіцы пагавораць»
Калі чалавек ёсць у базе, то міліцыя прыйдзе па месцы рэгістрацыі («прапіскі», як кажуць па-старому). Там зададуць пытанні ці самому «дармаеду», ці іншым жыхарам. Ва ўсіх камісіях пастараліся супакоіць: ніхто аглядаць кватэру не будзе, уладкоўваць допыт з прыхільнасцю - таксама.
- Яны чыста на лесвіцы пагавораць, запоўняць нейкую форму і ўсё. Не хвалюйцеся, нічога такога страшнага няма, - растлумачылі ў адной з раённых адміністрацый.
Калі чалавек працуе па дамове або вучыцца ў Расеі ці іншых краінах ЕАЭС, ён не ўважаееца за «дармаеда». Нават калі ён трапіць у базу, можна будзе даслаць довады ў камісію свайго раёна, і з базы мусяць выключыць.
- Людзі, якія працуюць у Расеі паводле працоўных дамоваў, даюць раз на квартал даведку з месца працы. У чалавека [будзе] пазначана, што ён заняты, да гэтых [людзей] рэйдаў не будзе, - запэўніла спецыялістка адной з камісій.
Калі беларус знайшоў працу ці вучобу па-за межамі ЕАЭС (напрыклад, у Польшчы ці Літве) для Беларусі ён афіцыйна ўважаецца «не занятым у эканоміцы». У выпадку менскай прапіскі можна чакаць людзей у форме для «актуалізацыі» інфармацыі.
- [Сваякі] скажуць, дзе працуеце, і ўсё на гэтым. Праблем няма, - паспрабавала супакоіць чыноўніца адной з камісій, адзначаючы, што не будзе «допыту з прыхільнасцю».
Журналістцы, якая прадставілася супрацоўніцай літоўскай кампаніі, прапісанай у Менску, у адной з камісій параілі загадзя даслаць родным у Беларусь копію працоўнай дамовы. Дамову можна будзе паказаць міліцыянтам, і тыя адзначаць у сябе: жанчына працаўладкаваная за мяжой.
Калі грамадзянін стаіць у іншай краіне на консульскім уліку і аформіў пашпарт серыі РР - гэтую інфармацыю таксама можна перадаць, такога чалавека з «дармаедскай» базы выключаць.
«У базе вялікая колькасць людзей, якіх няма ў Беларусі»
А навошта ўвогуле патрэбныя гэтыя «рэйды»? Са слоў чыноўнікаў з камісій, асноўная мэта - паменшыць базу, якая ў гэты момант стала «занадта вялікай». З яе пастанавілі прыбраць тых, хто працягвае там «вісець», «а іх ужо даўным-даўно няма, яны ўжо нават не нашыя грамадзяне».
- Нам патрэбная адзнака. У нас проста ў базе вялікая колькасць людзей, якіх няма ў Беларусі. І няма адзнакі, дзе яны працуюць. Вось у чым пытанне. Праз гэта міліцыя пачала хадзіць, - патлумачылі ў адной з камісій.
Цяпер траплянне ў базу «дармаедаў» не пагражае чалавеку нейкімі сур'ёзнымі санкцыямі. Уласнікі жылля, «не занятыя ў эканоміцы», аплачваюць поўнымі тарыфамі некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі: ацяпленне, гарачую ваду, газ. Калі беларус не валодае нерухомасцю і трапляе ў пералік «утрыманцаў», гэта не цягне для яго фінансавых страт.
Аднак у 2024 годзе ўлады абмяркоўвалі магчымыя новыя абмежаванні для «дармаедаў». Напрыклад, дэпутаты і Міністэрства аховы здароўя прапаноўвалі зрабіць платнай медыцыну для дальнабойнікаў, якія працуюць у ЕЗ.
МУС у сваім нядаўнім паведамленні паабяцала «пасля рэйдаў» унесці «прапановы па ўдасканаленні заканадаўства». І намякнула, што гаворка будзе ісці пра нейкія «сацыяльныя даброты».
- Працаваць павінны ўсе, хто карыстаецца сацыяльнымі дабротамі, якія дае дзяржава, - заявіў Іван Кубракоў.
У камісіях раённых адміністрацый не змаглі патлумачыць, што канкрэтна можа змяніцца для «дармаедаў» у далейшым.
- А што потым будзе? Я з'ехала - і нейкія санкцыі за гэта будуць? Нейкія штрафы?
- Пакуль не, - шматзначна адказала адна з супрацоўніц адміністрацыі.
- Хто ж яго ведае. Пакуль усё зыбка, - таксама загадкава патлумачыла чыноўніца з камісіі іншага раёна.