Уладзімір Фясенка: Гэта перамоўная пастка
35- 18.02.2025, 17:47
- 39,516

Украіна адмовіцца падпісваць дакументы, якія будуць супярэчыць яе інтарэсам.
У Савудаўскай Арабіі прайшлі перамовы паміж дэлегацыямі ЗША і Расеі.
Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць сустрэчу ў Эр-Рыядзе вядомага ўкраінскага палітолага, кіраўніка Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзіміра Фясенку:
- Трэба разумець адну простую рэч - гэта не перамовы пра заканчэнне вайны ва Украіне. Так, гэтая тэма там таксама абмяркоўвалася, але галоўная мэта сустрэчы ў Эр-Рыядзе - падрыхтоўка асабістай сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і РФ.
Сапраўды, абмяркоўваўся парадак дня, спрэчныя пытанні паміж ЗША і Расеяй наконт таго, як абодва бакі бачаць заканчэнне вайны паміж Расеяй і Украінай, спрэчныя пытанні наконт логікі мірнага працэсу. Я так разумею, трэба яшчэ дамаўляцца аб нащпроставых перамовах паміж Расеяй і Украінай. Пытанні міратворцаў, расейцы ўжо рэагуюць на гэта дастаткова нервова і агрэсіўна, наконт удзелу Еўропы ў перамовах і гэтак далей.
Прайшла падрыхтоўчая сустрэча. Трэба мець на ўвазе тое, што не ўлічваецца, на жаль, шматлікімі каментатарамі. Справа ў тым, што Трамп яшчэ з канца студзеня (а можа быць і раней, да інаўгурацыі) запусціў два паралельныя перамощныя трэкі.
Адзін перамоўны трэк з Украінай, другі - з расейцамі. Аж да апошняга часу з расейцамі перамовы ішлі ў закрытым рэжыме, неафіцыйна, мы нічога не ведалі пра іх. Абодва бакі пацвярджалі іх (і амерыканцы, і расейцы), але хто ў іх удзельнічаў, пра што казалі - мы не ведалі.
Цяпер ужо гэтыя перамовы перайшлі ў афіцыйную плоскасць. Вось, напрыклад, сустрэча ў Эр-Рыядзе.
Перамовы з Украінай таксама афіцыйна ідуць, вядома, хто ў іх бярэ ўдзел з абодвух бакоў, ужо адбылася сустрэча на высокім узроўні ў Мюнхене. Сустрэча амерыканскай дэлегацыі на чале з віцэ-прэзідэнтам ЗША і ўкраінскай дэлегацыяй на чале з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Таксама ўжо ёсць тэлефонныя кантакты з амерыканскім бокам, а 20 лютага чакаецца візіт ва Украіну генерала Кіта Келага.
Адзначу, што Трамп вызначыў розны склад дэлегацый. Гэта паказвае ягоны спецыфічны падыход да перамоў. У Мюнхене Кіт Келаг растлумачыў, што адбыўся падзел функцый. Ён будзе адказваць за перамовы з Кіевам і еўрапейцамі, а Стывен Уіткоф (іншы спецпрадстаўнік Трампа) будзе адказваць за перамовы з Масквой.
- Для чаго Трамп пастанавіў зрабіць такі раздзел?
- Келаг растлумачыў, што гэта для хуткасці. Ён жыве адпаведна з часам Трампа. Трамп вельмі тэмпераментны (у гэтым яны з Зяленскім падобныя) і хоча, каб хутчэй развіваўся перамоўны працэс, не было працяглай чоўнавай дыпламатыі, калі адзін перамоўнік едзе то ў Кіеў, то ў Маскву.
На наступным тыдні генерал Кіт Келаг збярэ ў авальным кабінеце тых, хто займаецца перамовамі з РФ і з Украінай. Яны будуць выпрацоўваць далейшы алгарытм дзеянняў.
Прыкладна такая логіка перамоўнага працэсу ў ЗША. Цяпер гэта паралельныя перамовы, а пасля сустрэчы Трампа з Пуціным, думаю, што будзе разглядацца пытанне аб тым, калі і як павінны пачацца наўпроставыя перамовы паміж Расеяй і Украінай пры мадэрацыі ЗША.
- Як будзе дзейнічаць Трамп, калі зразумее, што галоўная мэта Пуціна - зацягваць перамовы і правальваць іх, а не прыйсці да хуткага развязання?
- Існуюць супярэчнасці ў падыходах да мірнага працэсу паміж ЗША і Расеяй. ЗША жадаюць, каб спачатку было спыненне агню, а потым мірныя перамовы. Пуцін мяркуе, што адразу трэба дамаўляцца пра вялікую мірную дамову. Пры гэтым, мяркую, што Пуцін не спыніць ваенныя дзеянні. І тут узнікае праблема для Трампа. На мой погляд, гэта ілюзія, але Трамп мяркуе, што Пуцін хоча спынення вайны.
Зяленскі таксама думаў у 2019-м годзе, а выявілася, што гэта, на жаль, не так.
Думаю, што прэзідэнт ЗША сутыкнецца з такой самай праблемай. Ён пераканаецца, што Пуцін не жадае спынення вайны. Ён хоча выкарыстоўваць вайну для ціску на перамоўны працэс. Як будзе Трамп рэагаваць на гэта? Пабачым. Пакуль адказу на гэтае пытанне няма.
Але тое, што сёння адбылося ў Эр-Рыядзе, - гэта падрыхтоўка сустрэчы Трампа і Пуціна, і ўжо пачатак афіцыйных перамоў.
Гэтыя перамовы будуць датычыць не толькі вайны паміж краінамі, але і двухбаковых дачыненняў паміж ЗША і РФ.
Гэта пытанні бяспекі, бо завіс цэлы шэраг дамоў (аб стратэгічных наступальных узбраеннях, аб ракетах сярэдняй далёкасці і г.д.), пра гэта таксама трэба дамаўляцца.
Скажу і пра тое, чаму ў перамовах бярэ ўдзел Дзмітрыеў (кіраўнік Расейскага фонду наўпроставых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў - заўв.). Расейцы хочуць падсадзіць Трампа на бізнэс-прыманку. Яны хочуць яго спакусіць выгаднымі бізнэс-прапановамі.
Яны зразумелі, што Трамп вядзецца на бізнэс-інтарэсы, для яго яны цікавейшыя, чым бяспека, міжнародная палітыка і міжнародная палітыка і гэтак далей. Яны хочуць прапанаваць яму такі падман. Гэта перамоўная пастка.
Спрацуе яна ці не - паглядзім. Зяленскі ж таксама хацеў выкарыстоўваць у дачыненні да Трампа такую ж тактыку, але выявілася, што Трамп вельмі хітры перамоўнік. У адказ ён прапанаваў Украіне такі праект пагаднення, які не адпавядаў нашым інтарэсам.
Таму ўкраінскі бок адмовіўся падпісваць амерыканскі праект, перамовы працягваюцца, але Украіна паказала, што мы не будзем падпісваць якія-небудзь дакументы, якія распрацоўваюцца без нашага ўдзелу.
Гэта вельмi важна. Гэта сігнал, які датычыцца і будучых мірных перамоў. Таму думаць пра тое, што заўтра Трамп і Пуцін аб нечым дамовяцца і паставяць нас перад фактам... Не спрацуе!
Падкрэслю, Украіна ўжо паказала, што мы не будзем падпісваць таго, у чым не бралі ўдзелу. Так, у нашым выпадку Трамп нас хацеў паставіць перад фактам, але сапраўды таксама можа быць і з расейцамі.
Расейцы прапануюць яму свае ўмовы, а Трамп можа прапанаваць свае. Пакуль рана рабіць высновы. Нейкая яснасць далейшай перспектывы перамоўнага працэсу з'явіцца ўжо, хутчэй за ўсё, пасля сустрэчы паміж Трампам і Пуціным.