Зяленскі: Ісці на ўльтыматумы Расеі не збіраюся
25- 18.02.2025, 17:58
- 11,716

Прэзідэнт Украіны выказаўся аб перамовах ЗША і РФ у Эр-Рыядзе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што перамовы паміж прадстаўнікамі Расеі і ЗША ў Савудаўскай Арабіі прайшлі без удзелу Украіны, таму Кіеў ніколі не прыме ультыматумаў з боку Масквы.
Аб гэтым кіраўнік украінскай дзяржавы сказаў у аўторак, 18 лютага, падчас візіту ў Анкару.
Ён нагадаў, што ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання, калі Украіна пачала атрымліваць дапамогу ад розных краін, Расея выстаўляла свае ўмовы. Зрэшты, размова ішла аб скарачэнні Узброеных сіл Украіны, прызнанні акупаваных тэрыторый часткай Расеі і ўстанаўленні ва Украіне прарасейскага кіраўніцтва, якое б дзейнічала ў інтарэсах Крамля.
«У мяне такое ўражанне, што зараз адбываюцца нейкія перамовы, і яны з такім самым настроем адбываюцца, але яны адбываюцца паміж прадстаўнікамі Расеі і прадстаўнікамі ЗША. Аб Украіне, зноў аб Украіне і без Украіны. Цікава, калі мы ў самы складаны момант не пайшлі на ўсе гэтыя ўльтыматумы, адкуль такое адчуванне, што зараз Украіна на гэта пойдзе», - падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Зяленскі заявіў, што ніякіх дамоўленасцяў з Расеяй не было ні падчас акупацыі Кіеўскай вобласці, ні падчас перамоў у Беларусі ці Турцыі.
«Я як прэзідэнт Украіны нікому нічога не гарантаваў, нікому нічога не пацвярджаў. Пагатоў ісці на ўльтыматумы Расеі не збіраўся. І не збіраюся», - падкрэсліў Зяленскі.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Штаты і Расея ўзгаднілі чатыры прынцыпы ў выніку перамоў у Савудаўскай Арабіі.