21 лютага 2025, Пятніца, 18:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Украіна стала «мозгам» NATO ў супрацьстаянні Расеі

2
Як Украіна стала «мозгам» NATO ў супрацьстаянні Расеі

Кіеў аб'яднаў з альянсам намаганні ў супрацьстаянні РФ.

У той час як Еўропа была прыкаваная да экстраннага саміту ў Парыжы, прысвечанага лёсам Украіны і ЕЗ, паралельна назіраючы за ўсё больш нечаканымі тырадамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра Расею і імклівае збліжэнне дзвюх дзяржаваў, у польскім горадзе Быдгашч без помпы і амаль незаўважанай прайшла падзея, здольная паўплываць на далейшы ход войны, піша «Нямецкая хваля».

Тут NATO і Украіна аб'ядналі намаганні, каб аналізаваць атрыманы ў вайне супраць Расеі досвед і вывесці абарону на якасна новы ўзровень. Прынамсі так гучыць адна з мэтаў цэнтра аналізу, падрыхтоўкі і адукацыі (NATO-Ukraine Joint Analysis, Training and Education Center – JATEC), які адыніўся на базе Паўночнаатлантычнага альянсу ў Быдгашчы 17 лютага. Зусім без помпы, вядома, не абышлося – быў і аркестр, і NATOўскія генералы ў параднай форме, і міністры.

На невялікай пляцоўцы перад новым цэнтрам у дзесяціградусны мароз, але пад тэнтамі з падагрэвам сабраліся нешматлікія вайскоўцы, палітыкі, супрацоўнікі NATO і журналісты, каб запусціць незвычайную для альянсу ініцыятыву. JATEC – гэта першы супольны цэнтр NATO з краінай, якая не ўваходзіць у яе, з краінай, якая ваюе, а таксама адзіны ваенна-цывільны праект альянсу.

ЦЭНТР АНАЛІЗУ, ПАДРЫХТОЎКІ І АДУКАЦЫІ JATEC АДЧЫНІЎСЯ НА БАЗЕ NATO Ў ПОЛЬСКІМ БЫДГАШЧЫ

Ліпеньскі саміт NATO ў Вашынгтоне пастанавіў: альянсу ёсць чаму павучыцца ва Украіны, якая адзіная ў Еўропе мае комплексны досвед вядзення сучаснай вайны. Праз шэсць месяцаў сіне-жоўты сцяг быў узняты над базай NATO ў Быдгашчы пад аркестравую аранжыроўку гімна «Ще не вмерла України і слава, і воля…».

«NATO павінна вучыцца хутчэй за Расею»

– NATO не можа чакаць, таму што Расея вучыцца хутка, а мы павінны вучыцца яшчэ хутчэй, – заявіў перад прысутнымі галоўны камандзір Аб'яднаных узброеных сілаў NATO ў пытаннях трансфармацыі адмірал П'ер Вандзье. – Гэтая вайна ідзе не ў далёкіх краінах. Яна тут і цяпер, ля парога NATO. І NATO павінна вучыцца і адаптавацца да новых маштабаў і тэмпаў.

У Паўночнаатлантычным альянсе разумеюць, што вайна Расеі выходзіць за рамкі традыцыйнай лініі фронту ва Украіне. «Мы сутыкаемся з палітычнай дэстабілізацыяй, нападамі на крытычна важную інфраструктуру, інфармацыйнай вайной, кібервайной, вайной у космасе. Жорсткасць акопнай вайны цяпер спалучаецца са штучным інтэлектам і іншымі найноўшымі тэхналогіямі, – адзначыў Вандзье ў сваёй прамове, падводзячы да таго, у чым галоўны сэнс новага цэнтра: – JATEC зробіць NATO мацнейшым».

У ЦЫРЫМОНІІ АДКРЫЦЦЯ ЦЭНТРУ JATEC У БЫДГАШЧЫ ЎЗЯЛА ЎДЗЕЛ НАМЕСНІЦА ГЕНЕРАЛЬНАГА САКРАТАРА NATO РАДМІЛА ШАКЕРЫНСКА

Адкрыццё цэнтра – гэта не проста добрая навіна для Украіны, адзначыла намесніца генеральнага сакратара NATO Радміла Шакерынска.

– У доўгатэрміновай перспектыве JATEC – гэта вялізны актыў для альянсу, таму што ён дае нам урокі, атрыманыя ў вайне гэтага стагоддзя, якія павінны дапамагчы NATO і яго чальцам удасканаліць сваю сістэму стрымлівання і абароны.

Платформа для наватарскіх падыходаў да сучасных выклікаў

Для Украіны новы супольны праект з альянсам значны з некалькіх прычынаў, гавораць у яе ўрадзе. Па-першае, украінскія афіцэры, якія ўжо прыступілі да сваіх абавязкаў у Быдгашчы, будуць дзяліцца з партнёрамі досведам і ведамі, што зблізіць Кіеў з альянсам. Па-другое, задача цэнтра – забяспечыць максімальную ўзаемасумяшчальнасць украінскага войска з узброенымі сіламі хаўруснікаў. Па-трэцяе, украінцы спадзяюцца разам з партнёрамі шукаць наватарскія падыходы да ўсё новых пагрозаў гэтай вайны.

– Я разглядаю JATEC як платформу, якая дапаможа нам рэагаваць на найноўшыя выклікі. Бо ад гэтага залежыць, наколькі хутка мы зможам адказваць на дзеянні ворага, а таксама заўважаць зараджэнне тэндэнцый і пераўтвараць іх у дзейсныя ідэі, – сказаў намеснік міністра абароны Украіны Сяргей Боеў. Ён растлумачыў, што ўкраінскія супрацоўнікі JATEC атрымаюць магчымасць у дастатковай ступені дыстанцыявацца ад поля бою, каб знаходзіць інавацыйныя ідэі разам з калегамі NATO. Перш за ўсё, паводле ягоных словаў, яны зоймуцца распрацоўкай ідэяў для самых надзённых праблемаў, такіх як барацьба з беспілотнікамі.

Іншая тэма, якой у найбліжэйшыя гады будуць займацца інжынерна-тэхнічныя эксперты NATO, каб дапамагчы Украіне, – гэта планёрныя бомбы. А высновы даследнікаў будуць выкарыстоўвацца ў навучанні ўкраінскіх вайскоўцаў.

Збліжэнне Украіны і NATO ідзе паводле плану

Віцэ-прэм'ер-міністарка Украіны Вольга Стэфанішына вызначыла і іншыя прыярытэты: інтэнсіфікацыя абмену інфармацыяй паміж Кіевам і альянсам, а таксама павелічэнне маштабаў і паскарэнне ваеннай дапамогі. Яна назвала JATEC «мозгам», які будзе пастаўляць звесткі і аналітыку новаму каардынацыйнаму цэнтру ваеннай дапамогі Украіне NSATU ў нямецкім Вісбадэне.

Акрамя таго, JATEC – гэта яшчэ і палітычны сімвал стабільнага збліжэння Кіева з NATO на фоне супярэчлівых выказванняў з боку адміністрацыі Трампа і яго самога пра будучыню ўдзелу Украіны.

– Я сёння тут, і пасля ўсіх заяваў Украіна і NATO запусцілі інстытут, мэта якога – зрабіць украінскія ўзброеныя сілы аператыўна сумяшчальнымі з альянсам. Незалежна ад таго, ці будзе пытанне пра ўдзел вызначана цяпер ці пазней, аператыўная сумяшчальнасць ўкраінскіх узброеных сілаў і ўзброеных сілаў NATO жыццёва важная для бяспекі Еўропы, і яна будзе дасягнутая, – заявіла Стэфанішына.

Як Кіеў, так і NATO пастанавілі пакуль адлучаць тактычнае і ваеннае супрацоўніцтва ад палітычных пастановаў. Чым бліжэйшыя і цяснейшыя стасункі паміж NATO і Украінай, тым больш яны будуць працаваць адно з адным і тым лягчэй будзе, калі Украіна туды ўступіць, кажуць дасведчаныя супрацоўнікі штаб-кватэры Паўночнаатлантычнага альянсу.

ВІЦЭ-ПРЭМ'ЕРКА ЎКРАІНЫ ВОЛЬГА СТЭФАНІШЫНА І НАМЕСНІЦА ГЕНЕРАЛЬНАГА САКРАТАРА NATO РАДМІЛА ШАКЕРЫНСКА (У ЦЭНТРЫ) НА ЦЫРЫМОНІІ АДКРЫЦЦЯ ЦЭНТРУ JATEC
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках