Дзярждума РФ ратыфікавала дамову з рэжымам Лукашэнкі аб «гарантыях бяспекі»
16- 18.02.2025, 19:08
- 6,426

Адным з ключавых аспектаў пагаднення з'яўляецца пытанне размяшчэння тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Дэпутаты Дзярждумы РФ падтрымалі ратыфікацыю дамовы паміж Расеяй і рэжымам Лукашэнкі аб «гарантыях бяспекі» ў рамках «саюзнай дзяржавы». Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай думы РФ.
Дамова прадугледжвае ўзаемныя абавязацельствы бакоў у гарантаванні бяспекі ў выпадку пагроз суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці. У адпаведнасці з пагадненнем, Расея і рэжым Лукашэнкі абавязваюцца падтрымліваць адзін аднаго палітычнымі, вайсковымі і іншымі сродкамі ў выпадку пагрозы з боку трэціх краін, міжнародных арганізацый, тэрарыстаў ці экстрэмістаў.
Адным з ключавых аспектаў пагаднення з'яўляецца пытанне размяшчэння расейскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Расейскі амбасадар Барыс Грызлоў адзначыў, што дамова пацвярджае стварэнне адзінай абароннай прасторы на вонкавых межах «саюзнай дзяржавы».
Дамова была падпісаная дыктатарамі Расеі і Беларусі Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам у снежні 2024 года ў Менску. У лютым 2025 года Пуцін перадаў дакумент на ратыфікацыю ў парламент, прызначыўшы намесніка міністра замежных спраў РФ Аляксандра Грушко афіцыйным прадстаўніком пры разглядзе пытання.