Кіраўнік Дзярждэпа паабяцаў ЕЗ не здымаць санкцыі з Расеі нават пасля сустрэчы Трампа з Пуціным
13- 19.02.2025, 11:54
- 4,512

Рубіё стэлефанаваўся з міністрамі замежных спраў Францыі, Нямеччыны, Італіі і Вялікабрытаніі.
Кіраўнік Дзярждэпа Марка Рубіё запэўніў супольнікаў у ЕЗ, што ЗША захаваюць санкцыі супраць Расеі да таго часу, пакуль не будзе дасягнутае пагадненне аб заканчэнні вайны ва Украіне, расказалі Bloomberg дасведчаныя крыніцы.
Гэта азначае, што Вашынгтон не стане касаваць абмежаванні нават пасля сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, якая можа адбыцца найбліжэйшым часам.
Са слоў суразмоўцаў агенцтва, Рубіё агучыў пазіцыю ЗША ў тэлефоннай размове з "групай еўрапейскіх калег" пасля афіцыйных перамоў з прадстаўнікамі Расеі, якія адбыліся 18 лютага ў сталіцы Савудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе.
У Дзярждэпе ўдакладнілі, што Рубіё стэлефанаваўся з міністрамі замежных спраў Францыі, Нямеччыны, Італіі і Вялікабрытаніі, а таксама з кіраўніцай дыпламатыі ЕЗ Каяй Калас.
Абяцанне Рубіё можа прынесці "некаторае палягчэнне" еўрапейскім супольнікам ЗША, якія асцерагаюцца, што Трамп укладзе з Пуціным выгадную Маскве ўгоду, адзначае Bloomberg.
Агенцтва нагадвае, што многія санкцыі ЕЗ былі ўведзеныя ў шчыльнай каардынацыі з ЗША і, калі Вашынгтон надумае зняць абмежаванні датэрмінова, гэта стане ўдарам па спробах еўрапейскіх краін "пазбавіць расейскую вайсковую машыну крыніц даходу".
Пры гэтым на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы ў Эр-Рыядзе Рубіё заявіў, што краінам Захаду давядзецца зняць санкцыі ў дачыненні да Расеі ў выпадку дасягнення мірных дамоўленасцяў Масквы і Кіева. Паводле ягоных слоў, для спынення канфлікту неабходна, "каб усе бакі пайшлі на саступкі".
Сам Трамп раней дапушчаў увядзенне новых абмежаванняў супраць Расеі, калі Пуцін не пойдзе на ўгоду аб Украіне. Ён падкрэсліваў, калі Масква "хутка" не ўкладзе пагадненне, то ў Вашынгтона "не будзе іншага выбару", акрамя як увесці "тарыфы, падаткі і санкцыі на ўсё", што прадае Расея ў ЗША і іншыя краіны.
“Мы можам зрабіць гэта па-добраму ці па-дрэннаму. Па-добраму заўсёды лепей. Укладайце ўгоду. Не павінна быць больш страчаных жыццяў”, - падкрэсліваў Трамп.